Традыцыйная дабрачынная акцыя «Масленіца» сёння праходзіла ў МДУ імя А. А. Куляшова. У якасці арганізатараў выступілі студэнты факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства. Распавядае студэнтка гэтага факультэта Марыя Каленціонава: «Мы прапануем усім жадаючым пасмакаваць беларускія стравы — перадусім, бліны. Яны ў нас розныя — ад традыцыйных вялікіх, на ўсю патэльню, да маленькіх аладак з какосам. Ёсць таксама сырнікі і ўсялякія блінныя варыяцыі. Кшталту бліны з маслам, джэмам, смятанай і г.д.». Марыя падкрэсліла тое, што ўсе стравы ўласнаручна прыгатавалі студэнты. Кошты самыя дэмакратычныя: напрыклад, вялікі блін з джэмам — 40 капеек, дзве аладкі з какосам — 20 капеек. Да ўсяго гэтага, зразумела, дадаваўся духмяны гарачы чай. «Усё сродкі, якія сёння мы назбіраем, будуць накіраваныя на лячэнне студэнткі нашага факультэта, — тлумачыць Марыя. — На вялікі жаль, зараз яна знаходзіцца ў бальніцы і, як мы ведаем, чакае нашай падтрымкі». Не абышлася Масленіца без традыцыйнага карагода і вясёлых спеваў. Заўважым, што ўсе прысмакі разышліся ўлёт. Набывалі іх як студэнты, так і выкладчыкі.