Чарговае пасяджэнне літаратурнага салона на мінулым тыдні адбылося ў МДУ імя А. А. Куляшова. На думку гаспадыні салона, дацэнта кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Марыны Іванаўны Чмаравай, салон — гэта не толькі памяшканне. Салон — гэта своеасаблівая атмасфера, якая аб’ядноўвае людзей рознага веку і жыццёвага досведу. «Мы гатовы прывітаць тых, хто цэніць кнігу, — тлумачыць Марына Іванаўна. — Як не дзіўна, але аматараў сапраўднай, высокай літаратуры сярод студэнцкай моладзі дастаткова шмат. І гэта, безумоўна, усцешвае!».
У цэнтры ўвагі аматараў мастацкага слова апынулася творчасць лаўрэата Нобелеўскай прэміі, турэцкага празаіка Архана Памука. Гэта асоба ў сучаснай літаратуры, бадай што, самая неадназначная. З аднаго боку, туркі ганарацца ім. Памук — жывы класік, увасабленне шматкультурнасці, гэтак характэрнай для сучаснага Стамбула. З другога боку, Архан Памук мае выразную грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да курдаў і армян. Мала таго, пісьменнік не саромеецца яе выказваць, за што часцяком атрымлівае ў свой адрас пагрозы. Аднак не пра грамадзянскую пазіцыю празаіка вялася гутарка ва ўніверсітэцкім салоне… Дакладней, не толькі пра яе. Прысутных больш цікавіў Стамбул Памука, горад мрояў, горад успамінаў — тое самае месца, дзе на вузкіх вулачках і кірмашах сустракаюцца Захад і Усход. Арганізатары запрасілі студэнтаў насыціцца шматаблічнасцю, каларытам гэтак званай Французскай вулачкі, дзе вырас Памук, завулкамі Джыхангіра або Фаціха. Памук ніколі не баяўся ў сваіх творах дыялогаў між рознымі людзьмі. Наадварот, ён даволі лёгка ішоў насустрач іншым культурам, поглядам. Унікальнасць гэтага пісьменніка якраз і палягае ва ўменні ўзбагачацца іншымі думкамі і ідэямі. «Пагадзіцеся, гэтага ўмення нам, людзям ХХІ стагоддзя, часам дужа моцна не хапае», — выказвае меркаванне Марына Чмарава.