Пад загалоўкам «Тугой спавіта вышыня…» ў выдавецтве ўніверсітэта выйшла новая манаграфія, аўтар якой — доктар філалагічных навук, прафесар кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Алесь Мікалаевіч Макарэвіч. У цэнтры ўвагі даследчыка — творчасць класіка айчыннага прыгожага пісьменства Уладзіміра Дубоўкі. Перадусім манаграфія раскрывае мастацкія таямніцы паэтычнага сталення творцы. Аўтар аналізуе (цытата) «сэнсаўтваральныя асаблівасці вобразнай сістэмы, матывы твораў зборніка «Строма»«. Нагадаем, выйшаў гэты зборнік у 1923 годзе і зрабіўся адным з найбольш яркіх сведчанняў таленту маладога паэта. Па словах даследчыка, паэтыка твораў зборніка «Строма» — гэта своеасаблівы мастацкі код, адназначная дэшыфроўка якога немагчымая. Аднак спроба гэтай дэшыфроўкі можа шмат што праясніць як у лёсе самога У. Дубоўкі, так і ў лёсе ўсёй маладой беларускай літаратуры.
Не сакрэт, што ў 1920-я гг. у літаратуру прыйшлі многія таленавітыя творцы, якія спрабавалі прымірыць паэзію, уласнае бачанне свету і сябе ў ім з жорсткімі ўстаноўкамі бальшавіцкай ідэалогіі. Некаторым аўтарам удавалася прыстасавацца, пэўным чынам упісацца ў сістэму, але большасць таленавітых маладзёнаў перажывала глыбокі крызіс. Паэты пісалі ў стол або, як у выпадку са «Стромай», выкарыстоўвалі складаную вобразную семантыку, хавалі ўласныя перажыванні і думкі за метафарамі. Таму расшыфроўка зместу паэтычных радкоў аднаго з лідараў новай беларускай паэзіі настолькі складаная справа, якая да таго ж патрабуе ўдумлівага прачытання і комплекснага міждысцыплінарнага даследавання.
Пазнаёміцца з манаграфіяй «Тугой спавіта вышыня…»: Сэнсаўтваральныя асаблівасці вобразнай сістэмы зборніка «Строма» У. Дубоўкі» магчыма на кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый, у бібліятэцы ўніверсітэта і, будзем спадзявацца, у хуткім часе ў электронным каталозе сэрвісу Google scholar.
Макарэвіч, А. М. «Тугой спавіта вышыня…»: Сэнсаўтваральныя асаблівасці вобразнай сістэмы зборніка «Строма» У. Дубоўкі» : манаграфія / А. М. Макарэвіч : МДУ імя А. А. Куляшова, 2019. — 160 с.