У Дзень роднай мовы ў МДУ імя А. А. Куляшова 69 студэнтаў і выкладчыкаў, журналістаў, палітычных і грамадскіх дзеячаў пісалі Беларускую дыктоўку. У якасці тэксту для дыктоўкі арганізатары абралі ўрывак з аўтабіяграфічнага эсэ Уладзіміра Караткевіча. І гэта, на наш погляд, надзвычай сімвалічна, бо творчасць гэтага пісьменніка зрабілася адным з трывалых сімвалаў беларускай культуры. Тэкст быў невялікі — 243 словы, 28 радкоў. Дыктоўку чытала рэдактар інфармацыйных праграм «Радыё Магілёў» Марына Касьянава.
«Для мяне родная мова — гэта перадусім прыгожае слова, нешта блізкае, сваё. Зразумела, што пашыраць мову, падтрымліваць яе – справа гонару для кожнага беларуса», — адзначыла Марына. «Лічу, што падобныя мерапрыемствы надзвычай важныя, — выказала меркаванне член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па дзяржаўнаму будаўніцтву, мясцоваму самакіраванню і рэгламенту Святлана Аляксандраўна Шутава. — Надзвычай усцешаная тым, што дыктоўку сёння пісала шмат моладзі».
Па словах загадчыцы ўніверсітэцкай бібліятэкі Алены Мікалаеўны Астапавай, удзельнікі дыктоўкі мелі магчымасць не толькі напісаць, але і праверыць сваё веданне беларускай мовы: зверыць арыгінал дыктоўкі з уласным варыянтам напісання. «Удзельнікі падкрэслівалі тыя часткі тэксту, дзе яны зрабілі памылкі. Больш за трэць усіх тых, хто пісаў дыктоўку, не зрабілі аніводнай памылкі», — заўважыла Алена Астапава.