Рэктар універсітэта, прафесар Дзяніс Уладзіміравіч Дук прыняў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю з Дня заснавання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. 22 лютага падчас пашыранага пасяджэння Савета ГрДУ Дзяніс Уладзіміравіч ад імя ўсяго калектыву МДУ імя А. А. Куляшова павіншаваў «купалаўцаў» са значнай датай у гісторыі адукацыі Беларусі. «Гэты юбілей — знамянальная падзея не толькі ў вашым жыцці, але і ў жыцці ўсёй нашай краіны. Без выпускнікоў Гродзенскага ўніверсітэта нельга сабе ўявіць ні адну галіну гаспадарчай, навуковай, адукацыйнай дзейнасці. Вашы самаадданая праца, энергія, каштоўныя веды рухаюць грамадства наперад, робяць Беларусь моцнай і квітнеючай!» — падкрэсліў рэктар.
Таксама Дзяніс Дук звярнуў увагу на трывалыя і доўгачасовыя сувязі паміж двума ўніверсітэтамі. «Гродзенскі і Магілёўскі ўніверсітэты носяць імёны класікаў беларускай літаратуры, выдатных паэтаў Янкі Купалы і Аркадзя Куляшова. Але не толькі гэта нас аб’ядноўвае… Магілёўцаў і гарадзенцаў заўжды звязвала моцнае сяброўства, прафесійная дзейнасць, узаемная павага да навуковых і адукацыйных дасягненняў. Упэўнены ў тым, што наша шматбаковае супрацоўніцтва, наша шчырае сяброўства будзе працягвацца і надалей!» — заўважыў Дзяніс Уладзіміравіч.