75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчынная вайне зрабілася асноўнай тэмай для абмеркавання падчас чарговага навукова-практычнага семінара, які адбыўся ўчора на гісторыка-філалагічным факультэце. Яго нязменны мадэратар прафесар Пётр Фролавіч Дзмітрачкоў гэтым разам запрасіў прадстаўніка Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Яўгена Балберава, а таксама загадчыка экспазіцыйна-выставачным аддзелам Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава Аляксандру Буракову.
Яўген Балбераў — выпускнік магілёўскага гістфака — паведаміў пра асноўныя напрамкі дзейнасці свайго клуба. Перадусім, ён распавёў пра цесныя кантакты з расійскімі калегамі, якія часам дапамагаюць з пошукамі дакументаў у архівах. Галоўная задача «Віккру» — гэта, канешне, пошук загінуўшых воінаў і ўшанаванне іх памяці. «Нам удалося знайсці рэшты больш за 1300 савецкіх салдат, а таксама мы высветлілі імёны 86 загінуўшых», — паведаміў Яўген. Увесь час, па яго словах, з’яўляюцца новыя дадзеныя пра баі, якія адбываліся падчас падзей ваеннага ліхалецця. Шмат у чым дапамагае інтэрнэт, бо многія архівы зрабілі лічбавыя копіі тых дакументаў, якія яны захоўваюць. Так, Яўген Балбераў акцэнтаваў увагу прысутных на двух расійскіх рэсурсах, якія ўтрымліваюць каштоўныя звесткі пра ўдзельнікаў вайны. Дарэчы, гэтыя сайты могуць быць карысныя і нашаму чытачу. Аўтар гэтых радкоў, для прыкладу, знайшоў там звесткі пра свайго дзеда. Назвы сайтаў такія: «Подвиг народа» і «Память народа».
Дыскусію выклікала пытанне, звязанае з мемарыялам на Буйніцкім полі. Менавіта гэта легендарнае месца пад Магілёвам зрабілася прадвесцем будучых перамог над нацыстамі. Дарэчы, Яўген Балбераў парэкамендаваў прысутным паглядзець дакументальную стужку пра баі пад Магілёвам, літаральна толькі што знятую беларускімі кінематаграфістамі. Аднак пытанне, якое выклікала дыскусіі, датычылася крыху іншага аспекту. «Ці варта побач з тэхнікай Вялікай Айчыннай вайны размяшчаць на Буйніцкім полі сучасную ваенную тэхніку?» — задаў пытанне кандыдат гістарычных навук Аляксандр Агееў. На яго думку, гэта значна зніжае гістарычную каштоўнасць экспазіцыі, прысвечанай мінулай вайне. Прысутныя выказаліся на гэты конт.
Аляксандра Буракова — выпускніца магілёўскага філфака — распавяла пра этапы назапашвання экспазіцыйных матэрыялаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Збіранне экспанатаў пачалося з таго моманту, калі пачаў аднаўляцца музей. Гэта быў першы пасляваенны год. «Сёння, — распавядае Аляксандра Сяргееўна, — у нас ёсць, чым ганарыцца. Гэта і самаробная партызанская зброя, а таксама зброя, якая належала вядомым камандзірам. Ёсць надзвычай каштоўныя і красамоўныя фотаздымкі. На адным з іх адлюстраваны згарэўшы педагагічны інстытут (корпус на вуліцы Ленінскай — рэд.).
Важная частка музейных скарбаў — партызанскія ўлёткі, падпольныя газеты, малюнкі. Ёсць, апроч іншага, і тыя газеты, якія выдаваліся калабарантамі. Першыя экспазіцыі акцэнтавалі ўвагу на ролі ў перамозе над нацыстамі Іосіфа Сталіна, а таксама камуністычнай партыі. «Сёння важная задача для супрацоўнікаў музея — адшуканне праўды пра спаленыя вёскі, — адзначае Аляксандра Буракова. — Многія з іх так і не аднавіліся пасля вайны, прысутнічае блытаніна як у дакументах, так і ў навукова-даведачных матэрыялах».