Супрацоўнікі рэдакцыі сельскагаспадарчай газеты «Зямля і людзі» на мінулым тыдні наведалі студэнцкі праект «Падземка». Гэтым разам у госці завіталі Наталля Сцепуценка і Вольга Бандарэнка. Абедзве — выпускніцы нашага ўніверсітэта. Два гады назад яны атрымалі дыплом журналіста і накіраваліся на першае працоўнае месца. «Была вельмі ўсцешаная тым, што патрапіла ў сапраўды добры калектыў, — распавядае Наталля. — Перадусім ён моцны традыцыямі і сяброўскімі ўзаемаадносінамі. А гэта для нашай прафесіі надзвычай важна». «Зямля і людзі», як можна заўважыць з назвы, газета асаблівая. Дзяўчатам даводзіцца пісаць пра нарыхтоўку зерня, назапашванне на зіму сена і буракоў. Аднак гэтыя тэмы яны не лічаць празаічнымі. «Магчыма, для гараджанкі сенажы і гурты могуць выглядаць надта экзатычна, аднак я вырасла на вёсцы і добра ведаю сялянскае жыццё», — прызнаецца Наталля.
«Гараджанка» Вольга таксама атрымлівае задавальненне ад сялянскай тэматыкі. Адказваючы на пытанне аднаго з мадэратараў праекта, яна заўважае: «Даводзіцца выязджаць на поле, размаўляць з механізатарамі, камбайнерамі, а часам апранаеш гумавыя боты — і на ферму. Вывучаеш тое, як працуюць заатэхнікі і даяркі. Праца ў іх дужа складаная, таму гэтыя людзі, безумоўна, заслугоўваюць павагі». Вольга — маладая маці. Рэдакцыйныя заданні ёй даводзіцца сумяшчаць са штодзённымі жаночымі клопатамі. «Складана?» — запыталіся мадэратары. «Толькі першыя дні, — усміхаецца журналістка. — Да ўсяго магчыма прызвычаіцца. Сямейныя ж клопаты — гэта клопаты прыемныя».
Зазвычай, у праекце ўдзельнічаюць студэнты. Яны задаюць пытанні — госці на іх адказваюць. Такі сабе фармат ток-шоў, толькі без сафітаў і тэлекамер. Усё адбываецца анлайн у сацыяльнай сетцы «Укантакце». Традыцыйна студэнты пытаюцца пра тое, ці ёсць жыццё пасля ўніверсітэта, якія заробкі ў маладых спецыялістаў, ці страшна гэта — патрапіць у незнаёмы калектыў. Дзяўчаты з задавальненнем адказвалі, давалі парады і нават абяцалі дапамагчы ў нейкіх складаных прафесійных сітуацыях. Адзначым тое, што фармат праекта анлайн апынуўся даволі ўдалым. Толькі за першую гадзіну яго ўбачыла больш за 1200 чалавек. Зараз каля 2000 праглядаў. Нагадаем, за 6 год існавання «Падземкі» сярод яе гасцей былі рэдактары буйных выданняў і тэлеканалаў, знакамітыя фотамастакі, пісьменнікі і грамадскія дзеячы. Асноўная ж мэта «Падземкі» — сціплая, адукацыйная. «Мы запрашаем тых журналістаў, якія ўжо маюць пэўны вопыт, і могуць ім падзяліцца», — тлумачаць мадэратары праекта Кірыл Нікіцін і Крысціна Бармуцкая.
Фота: Антон Туркоў