Друкаваць

Пачалася праца «Куляшоўскіх чытанняў»

Больш за 120 даследчыкаў з 4-х краін свету (Беларусь, Расія, Украіна, Польшча) прымаюць удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Куляшоўскія чытанні». У праблемным полі форума — актуальныя пытанні айчыннага і сусветнага літаратуразнаўства, лінгвістыкі, педагогікі, гісторыяграфіі. Ад імя адміністрацыі ўніверсітэта прысутных у канферэнц-зале даследчыкаў прывітаў прарэктар па навуковай рабоце Віктар Уладзіміравіч Старасценка, які адзначыў традыцыйнасць і важнасць для ВНУ «Куляшоўскіх чытанняў». «Ужо 40 год Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт з гонарам носіць імя Народнага паэта Беларусі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова. Гэта канферэнцыя — наша даніна павагі песняру, магчымасць для навукоўцаў знайсці новыя старонкі ў яго творчасці. Мы спадзяемся на тое, што цягам пленарнага і секцыйных пасяджэнняў адбудуцца цікавыя дыскусіі. Упэўненыя таксама ў тым, што даследчыкі з розных краін узбагацяць адзін аднаго карыснымі ведамі».

Першыя даклады пленарнага пасяджэння былі прысвечаныя розным бакам творчасці Аркадзя Куляшова. Так, прафесар, доктар навук Мікалай Васільевіч Абабурка распавёў пра наяўнасць русізмаў у творах паэта, якія навуковец лічыць закамернай для беларускай літаратуры першай паловы ХХ стагоддзя з’явай. Былы дэкан магілёўскага філфака, кандыдат навук, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, дацэнт Яраслаў Іванавіч Клімуць параўнаў дзве рэдакцыі бадай што самага знакамітага верша А. А. Куляшова «Бывай». Таксама навуковец са шкадаваннем адзначыў тое, што на сённяшні дзень так і не з’явіўся поўны акадэмічны збор твораў паэта. Прафесар кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Алесь Мікалаевіч Макарэвіч прааналізаваў паэму «Цунамі».

Пра традыцыйную індыйскую паэтыку ў рамане М. Зарэцкага «Вязьмо» паведаміла кандыдат педагагічных навук, прафесар кафедры філалогіі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Алена Іванаўна Белая. Госць з Расіі, дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава Ілья Барысавіч Нічыпараў выступіў з дакладам на тэму «Дзяцінства як траўма ў сучаснай рускай літаратуры». Навуковец прааналізаваў вядомы твор Паўла Санаева «Пахавайце мяне за плінтусам». З надзвычай цікавым, арыгінальным і нечаканым дакладам на канферэнцыі выступіў доктар філалагічных навук, прафесар кафедры тэорыі літаратуры БДУ Анатоль Мікалаевіч Андрэеў. Ён распавёў пра персонацэнтрызм у сучаснай літаратуры.

Новости msu.by/bel