Обладатели нагрудного знака университета
2018 год

Яраслаў Іванавіч Клімуць

Кандыдат філалагічных навук, дацэнт.
Ветэран універсітэта.

Нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Вострава Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1959–1962 гадах служыў у войску, у 1962–1967 гадах вучыўся ў БДУ па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура. Руская мова і літаратура». У 1972–1977 гадах навучаўся ў аспірантуры Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1975 года пачаў працаваць старшым выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. У 1979 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Якуб Колас і руская савецкая паэзія». З 1982 года дацэнт. З 1986 па 2000 год — дэкан філалагічнага факультэта. Пазней працаваў у якасці дацэнта на факультэце славянскай філалогіі і факультэце замежных моў. Выкладаў і даследаваў тэорыю літаратуры, гісторыю беларускай літаратуры і літаратурнай крытыкі, супастаўляльнае літаратуразнаўства. Мае больш за 150 навуковых і вучэбна-метадычных публікацый. Зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Вядомы літаратуразнаўца. Як пісьменнік-крытык пачаў працаваць у 1968 годзе ў раённай газеце «Чырвоная зорка» Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. У рэспубліканскім перыядычным друку творы з’яўляюцца з 1972 года. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1996). Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1982, 1998), Саюза беларускіх пісьменнікаў (1999), Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа (2004).

— Яраслаў Іванавіч, раскажыце, калі ласка, пра сваё дзяцінства.

— Дзяцінства было, як і ва ўсіх дзяцей пасляваенных гадоў. Яшчэ недзе ішла вайна, над хатай праляталі з цяжкім гулам самалёты. Недзе далёка, як казалі старэйшыя, пад Беластокам, а можа, і бліжэй, чуліся стрэлы. Было яшчэ неспакойна. Але былі і звычайныя дзіцячыя радасці. Купаліся ў невялікім азярку, якое чамусьці называлася Лугам. У ім былі дзве часткі: адкрытая – для купання і зарослая куп’ём і асакой, над якой ад вясны да вясны мітусіліся качкі. У вёсцы дзяцей рана прывучалі да працы. Старэйшыя сёстры памагалі маці ў агародзе, я з братамі ганяў з агарода курэй, каб не дралі градаў, пасвілі надворных свінкаў, каб не лезлі ў шкоду. Зімой бавілі час на печы. Недзе тады, у саракавыя, запомніліся асеннія вечарыны, калі ў хаце сабіраліся папрадухі, маладыя жанчыны-суседкі і дзяўчаты. Можна было заслухацца рознымі здарэннямі паўфантастычнага характару пра сустрэчы сваякоў і знаёмых з нячысцікамі. Часцей гэта здаралася ў кірмашовыя дні, калі тыя вясёлымі вярталіся дадому. А асеннія дні кароткія. Потым была школа, праца ў калгасе, служба ў войску, вучоба ў БДУ імя У. І. Леніна.

— Вы вучыліся ў вядучым універсітэце нашай краіны. Чым Вам запомнілася студэнцкае жыццё?

— Вядома, гады вучобы ва ўніверсітэце самыя запамінальныя. Варта заўважыць, што студэнты тады былі ўжо дасведчаныя ў жыцці. Я, напрыклад, стаў студэнтам у крыху старэйшым узросце, чым сённяшнія студэнты, — пасля службы ў войску. Адсюль і зацікаўленасць у вучэнні. Запомніліся паэтычныя вечарыны. Тады старшакурснікамі былі вядомыя зараз паэты Васіль Макарэвіч, Уладзімір Верамейчык, Мікола Маляўка, Мікола Міцкевіч. На курс старэйшымі былі Рыгор Семашкевіч, Казімір Камейша, Анатоль Сербантовіч і іншыя. Выкладчыкамі былі прызнаныя паэты Ніл Гілевіч і Алег Лойка. Менавіта яны запрашалі нас на розныя імпрэзы ў Дом пісьменнікаў. Пазней Дом разбурылі, калі пашыралі будынкі ЦК КПБ. Зараз там рэзідэнцыя Прэзідэнта. Узгадваюцца і заняткі ў мастацкай самадзейнасці і ў спартыўным гуртку, і праца ў бібліятэцы ўніверсітэта і, асабліва, у Дзяржаўнай, якую тады называлі проста Ленінкай. Неяк часу хапала на ўсё, у тым ліку і на студэнцкія гулянкі. Студэнцтва — непаўторны час!

— Як сталася, што Вы трапілі на работу ў Магілёў?

— Пасля заканчэння ўніверсітэта нас, маладую сям’ю, накіравалі ў Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці. Мяне адправілі працаваць ў васьмігодку, якая па плану павінна была вырасці ў сярэднюю школу. Але пасля чарговага міжраённага пераразмежавання гэтыя планы змяніліся, і перспектыва росту знікла, а паўстала праблема скарачэння кадраў. Па сямейных абставінах мы згадзіліся звольніцца і апынуліся ў Літвянскай сярэдняй школе імя П. Глебкі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Я многа чытаў, пачынаючы з дзяцінства. А тады ўжо і шмат было зацікаўленасці літаратуразнаўствам. У 1972 годзе паступіў у завочную аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. А ў 1975 годзе мне паведамілі пра вакансію на кафедры беларускай літаратуры ў Магілёўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце. Параілі падаць дакументы на конкурс. Быў абраны на пасаду старшага выкладчыка. З таго часу аж да выхаду на пенсію працаваў у педінстытуце, а пасля ўніверсітэце імя А. А. Куляшова.

— Хтосьці паўплываў на Ваш выбар прафесійных заняткаў?

— Здаецца, ніхто. У маладосці мне падабалася сталярства і кузнецтва. Нават у войску раздумваў: ці не падацца ў Палітэх? Але ў вайсковай часці, тады мы служылі ў Мазыры, былі толькі гуманітарныя курсы, на якіх працавалі выкладчыкі мясцовага педінстытута. Мой саслужывец планаваў паступаць на эканамічны факультэт і рыхтаваўся па гісторыі і рускай мове, вось ён і падгаварыў мяне пайсці на гэтыя курсы і паступаць на філалагічны факультэт, бо гэта давала магчымасць ранняй дэмабілізацыі. Я паслаў дакументы ў прыёмную камісію для паступлення на беларускае аддзяленне, бо там ужо вучыўся мой аднавясковец. Спрацавала тут, мусіць, любоў да літаратуры.

— Чаму Вы абралі менавіта літаратуразнаўства ў якасці галоўнага поля навуковых пошукаў?

— Яшчэ ў школе я шмат чытаў беларускай літаратуры. У тым ліку і многа паэзіі, што ўсіх здзіўляла. У бацькоў была невялікая ўласная бібліятэка з рускіх, польскіх і беларускіх кніг, для тых часоў гэта была рэдкасць. Некалькі разоў прачытаў паэмы Я. Коласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка». Вельмі падабалася музычнай арганізацыяй, стройнасцю «Рыбакова хата». Таму і тэмай для дысертацыі абраў творчасць Якуба Коласа. У той час актуальнай была праблема ўзаемасувязей. Таму мне парэкамендавалі ўзяць тэму «Якуб Колас і руская літаратура», а навуковым кіраўніком згадзіўся быць доктар філалагічных навук, загадчык сектара дакастрычніцкай літаратуры Ю. С. Пшыркоў, які быў ужо вядомым коласаведам. Да таго ж ён быў старшынёй Дзяржаўнай камісіі пры нашым выпуску, запрашаў паступаць у аспірантуру. Так на доўгія гады мая навуковая дзейнасць стала звязанай з творчасцю Якуба Коласа. Я быў удзельнікам усіх навуковых канферэнцый «Каласавіны», якія ладзіў Музей Якуба Коласа і Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. А ў час працы захапіўся мясцовым літаратурным краязнаўствам, першым пачынаў чытаць лекцыі па вучэбнай дысцыпліне «Гісторыя беларускай крытыкі і літаратуразнаўства». Гэта і стала таксама прадметам навуковага вывучэння.

— Улічваючы, што Вы глыбока ведалі і самі ўдзельнічалі ў літаратурным жыцці нашай краіны, на сваім шляху Вы, напэўна, спаткалі шмат цікавых людзей.

— Мне пашчасціла сустрэць нямала сапраўды таленавітых, унікальных людзей. Перш за ўсё гэта выкладчыкі БДУ М. Р. Ларчанка, С. Х. Александровіч, згаданыя ўжо творцы Н. С. Гілевіч, А. А. Лойка, І. Я. Навуменка, А. М. Адамовіч, М. М. Грынчык і іншыя. У Акадэміі навук давялося спаткаць А. І. Мальдзіса, А. Ф. Коршунава, М. І. Мушынскага, В. А. Чамарыцкага, М. А. Арочку ды і многіх іншых. Вялікай пашанай было працаваць разам з Я. К. Усікавым, М. Р. Міхайлавым, У. С. Лукошкам, з маім равеснікам В. І. Атрашкевічам. А ўвогуле спіс можна доўжыць і доўжыць, паколькі запамінальнымі былі сустрэчы і гутаркі з народным пісьменнікам Янкам Брылём, Іванам Чыгрынавым, Барысам Саўчанкам. З маладзейшых — Г. Далідовічам, С. Законнікавым.

— Каго Вы лічыце сваімі настаўнікамі?

— Перш за ўсё я назваў бы выкладчыкаў БДУ, а ў навуковай працы — Ю. С. Пшыркова, М. І. Мушынскага.

— Вы не толькі выкладчык і навуковец, але і былы дэкан філалагічнага факультэта. Прыгадайце, калі ласка, цікавыя, яркія моманты з Вашай шматгадовай працы ва ўніверсітэце.

— Філалагічны факультэт спачатку быў невялікі: набіралі тры группы студэнтаў. Вядома, кантынгент быў розны, але ўсіх аб’ядноўвала цяга да ведаў, пасціжэння ісціны праз кнігу. Запамінальнымі былі творчыя паездкі выпускнога курса беларускага аддзялення па значных літаратурных мясцінах Беларусі, у таксама наведванне былога цэнтра беларускай культуры Вільні. Запамінальным быў пачатак 90-х, калі філфак істотна вырас не толькі колькасна, але і якасна. Прыходзілі студэнты, зацікаўленыя даўняй беларускай культурай, вучыліся з сапраўднай надзеяй садзейнічаць развіццю Беларусі. Тады на філфаку працаваў творчы гурток «Зніч», удзельнікі яго штомесяц выпускалі насценную літаратурную газету. Жыццё бурліла. Тады ж былі створаны і ўніверсітэцкія музеі.

— Якія адметныя рысы нашага ўніверсітэта Вы можаце адзначыць?

— Былы педінстытут, а цяпер універсітэт заўсёды вылучаўся грунтоўнасцю прафесійнай падрыхтоўкі, але, на жаль, яна не вядзецца на беларускай мове.

— Якія мясціны Вы часта і з задавальненнем наведваеце?

— Перш за ўсё — свае родныя мясціны. Гэта святое. А таксама заўсёды прыцягваюць да сябе коласаўскія і купалаўскія культурныя запаведнікі.

— Як Вы бавіце свой вольны час?

— Калі казаць пра хобі, то канкрэтнага такога занятку не маю. Праўда, люблю сталярнічаць, хоць, здаецца, гэта ў мяне і атрымліваецца даволі няўмела.

— Вядома, што Вы захапляліся тэатрам і нават удзельнічалі ў тэатральным калектыве.

— Так, у 1993 годзе ў Магілёве з’явіўся народны беларускі аматарскі тэатр «Валянцін». Ля яго вытокаў стаяў таленавіты і самаадданы чалавек, заслужаны работнік культуры Беларусі Валянцін Іванавіч Ермаловіч. Я таксама спрычыніўся да стварэння гэтага тэатра і шмат гадоў быў у ім і акцёрам, і рэжысёрам.

— Што Вы лічыце галоўным прынцыпам, правілам Вашага жыцця?

— Тут усё проста: менш гультайнічаць, імкнуцца пастаянна працаваць.

— Сёлета нашаму ўніверсітэту спаўняецца 105 гадоў. Як ветэран універсітэта, што пажадаеце яму з гэтай нагоды?

— Філалагічнага факультэта, на якім я працаваў доўгі час, зараз няма. Таму, канешне, жадаю яму адрадзіцца. А нашаму ўніверсітэту жадаю развівацца, мацнець і ў будучым набыць адзнакі сапраўднага беларускага нацыянальнага ўніверсітэта.

Гутарыў А. В. Бірукоў.

Please publish modules in offcanvas position.