26 сакавіка ўдзельнікаў Рэспубліканскай алімпіяды гасцінна прывітаў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Аляксандравіча Куляшова. Для школьнікаў былі арганізаваныя чатыры пляцоўкі. На іх студэнты і выкладчыкі ВНУ распавялі пра багатыя літаратурныя традыцыі беларусаў, іх мову, культуру, гісторыю. Таксама арганізатары запрасілі вучняў і настаўнікаў у Залу славы ўніверсітэта. Зала толькі што была адрэстаўраваная. Сёння яна змяшчае ўнікальную экспазіцыю — асабістыя рэчы студэнтаў і выкладчыкаў педагагічнага інстытута, фотаздымкі ваеннага і даваеннага часу, а таксама рэпартажы з дэманстрацый, суботнікаў, капуснікаў 60-х, 70-х гг.
Алімпіяднікі ўбачылі старадрукі
Першая пляцоўка была прысвечана літаратуры магілёўскага Падняпроўя. Перадусім алімпіяднікі ўбачылі старадрукі — «Буквар», «Азбуку», факсімільныя перавыданні Евангелляў. Што вельмі істотна, маладыя людзі пагарталі старонкі скарынавай Бібліі. На жаль, канешне, не арыгінальныя, а таксама перавыдадзеныя не так даўно ў нашай Беларусі. Паказалі супрацоўнікі ўніверсітэта і пішучую машынку Куляшова. Кажуць, што менавіта на гэтай машынцы была створана славутая паэма «Далёка да акіяна». Акрамя машынкі, алімпіяднікі ўбачылі лісты з аўтографамі Народнага паэта, кнігі з яго асабістай бібліятэкі, рукапісы. Пра літаратурнае Падняпроўе распавяла кандыдат філалагічных навук, дацэнт Марына Іванаўна Чмарава. Алімпіяднікі ўбачылі праект прэс-службы ўніверсітэта. Назва праекта — «#Поруч_з_Куляшовым». Сутнасць яго простая — студэнты цягам некалькіх тыдняў чыталі вершы Аркадзя Аляксандравіча Куляшова. Дарэчы тут заўважыць тое, што рабілі яны гэта ў прамым эфіры на канале YouTube.
«Напэўна, двоечнікі!»
Аднак, канешне, самым прыемным момантам для алімпіяднікаў зрабілася знаёмства з вядомым магілёўскім паэтам Сяргеем Сяргеевічам Украінкам. Ён прачытаў вершы, адказаў на пытанні і, літаральна, зачараваў мілагучнасцю, гармоніяй беларускага мастацкага слова.
Дзеліцца ўражаннямі адна з удзельніц алімпіяды:
— Спачатку я пачула: «Не зразумеў, чаму вы так далёка сышлі! Напэўна, двоечнікі». У гэты момант змоўклі ўсе, а некаторыя пачалі пераглядацца паміж сабой. Як высветлілася, такім незвычайным чынам прывітаў прысутных паэт і член Саюза беларускіх пісьменнікаў Сяргей Украінка. Для многіх школьнікаў такая трапная фраза зрабілася нечаканасцю. Заўважым той факт, што мы ўсё ж алімпіяднікі, таму часцей чуем слова «выдатнікі». Аднак гумар Украінкі мы ацанілі.
#Поруч_з_Куляшовым
Яшчэ адно меркаванне:
— Мерапрыемства пачалося з прадстаўлення новага праекту студэнтаў спецыяльнасці «Журналістыка» — «#Поруч_з_Куляшовым». Высветлілася тое, што пакуль што гэта ідэя існуе толькі ў межах універсітэта, але ўжо хутка плануецца вывесці яе на рэспубліканскі ўзровень. Пра гэта заявіў прарэктар па выхаваўчай рабоце, паэт і член Саюза пісьменнікаў Уладзімір Ясеў. Школьнікі маглі «ўбачыць» і пачуць вершы беларускага паэта — куляшоўскія радкі чыталіся на фоне прыгожага відыёраду. Музыка і словы былі надта спакойныя і павольныя: хтосьці ўжо прыкрыў павекі, хтосьці лунаў у сваіх думках, а хтосьці нават «распластаўся» на парце. І раптам зноў рэзка прагучаў голас Сяргея Украінкі:
Многія чакалі гісторыю пра старую будку і кашчавага сабаку
«Зараз прачытаю вам верш пад назваю „Сабачая будка“. Прысутныя падскочылі… Здавалася, што гуляць у „кантрасты“ могуць толькі нашы настаўнікі… Школьнікі выпрасталіся і пачалі з цікаўнасцю слухаць паэта. Як аказалася, многія чакалі гісторыю пра старую будку і кашчавага сабаку, які з лютасцю абгаўквае кожнага мінака. Аднак верш быў не злы, а, наадварот, пяшчотны і добры».
Безумоўна, запомніліся гасцям чулыя і рамантычныя вершы Уладзіміра Ясева. «Як не стаць творчым, калі знаходзішся сярод творчых людзей?» — задаваўся пытаннем ён. Вядома, мноства асацыяцый выклікалі вершы пра першае каханне… Думаецца, што прарэктар выбраў гэтыя радкі не выпадкова, бо менавіта ў юнацкім узросце пачуцці асабліва абвостраныя. Без увагі не застаўся яго трыялет «Тры словы».
Чарговае меркаванне:
— Падчас усяго мерапрыемства панавала ўражанне, быццам ты глядач у кінатэатры. З аднаго боку — У. Ясеў, які заводзіў у мары і мроі сваёй пяшчотнай лірыкай, а з другога — С. Украінка, які трымаў у тонусе дынамічнымі вершамі. Здавалася, што паміж паэтамі была барацьба за першынство, але кантраст паміж імі бадзёрыў і кранаў.
«Я не захапляюся паэзіяй, але сёння засталася задаволеная. Ва ўніверсітэце вельмі спадабалася», — каментуе Юлія з Нясвіжа. «Мне вельмі спадабаліся вершы, я нават знайшла нешта сэрцу знаёмае… Універсітэт сустрэў вельмі цёпла», — дзеліцца меркаваннем Кацярына з Мінска.
Пераважае беларускі моўны элемент…
Іншая пляцоўка дзейнічала ў рэкрэацыі былога фізіка-матэматычнага факультэта. Арганізатары прысвяцілі яе моўнаму памежжу — расійска-беларускаму і польска-беларускаму. Старшы выкладчык Таццяна Станіславаўна Вараб’ёва пазнаёміла з вынікамі шматгадовага даследавання гаворак Браншчыны і Смаленшчыны. Па яе словах, у асобных вёсках заходняй Расіі пераважае беларускі моўны элемент. Аднак усё настолькі перамешанае, настолькі шмат моўных напластаванняў, што з пэўнасцю сказаць пра, напрыклад, беларускае ці рускае паходжанне таго або іншага дыялектызма надзвычай цяжка. Паказала Таццяна Станіславаўна алімпіяднікам і асобныя этнаграфічныя рэчы — гарлачы, прасы, нават правобраз цяпершняга міксіра — «мяшалку». Надзвычай спадабалася прысутным моўная віктарына. Трэба было адгадаць лексічнае значэнне таго або іншага дыялектызма.
«Халадзец» па-русінску — «суп»
На той самай пляцоўцы пра польска-беларускае моўнае памежжа распавёў дацэнт, кандыдат філалагічных навук Віталь Іванавіч Еўмянькоў. Ён прынёс на сустрэчу парыжскае выданне славутай паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш, або апошні заезд на Літве». Ён падкрэсліў тое, што прэзентаваная ім кніга — адно з першых выданняў гэтага твора. На тытуле быў пазначаны 1834 год. «Старонкі гэтага фаліянта літаральна дыхаюць гісторыяй. Гэтая кніга — і ёсць гісторыя», — падкрэсліў навуковец. Па яго словах, паэма Міцкевіча — гэта інцыклапедыя польска-беларускага моўнага памежжа. Аўтар ужываў вялікую колькасць беларусізмаў, якія польскія рэдактары былі вымушаныя тлумачыць чытачам. Напрыклад, палякам у 1834 годзе не былі зразумелыя такія словы, як «бабка», «халадзец», «свірэпка», «клямка» і г.д. Уступ да паэмы (Літва! Мая Айчына…) ўголас чыталі школьнікі з Беларусі і з Польшчы.
Оn-line на YouTube і Facebook
Чарговая пляцоўка была цалкам арганізаваная прэс-службай універсітэта. Знаходзілася яна каля канферэнц-залы і мела збольшага «рэкламны» характар. На ёй магчыма было даведацца пра спецыяльнасці, факультэты, напрамкі навуковай дзейнасці ва ўніверсітэце. Апроч таго, студэнты забаўлялі прысутных дэманстрацыяй невялічкіх стужак, якія адлюстроўвалі, так бы мовіць, нефармальны бок універсітэцкага жыцця: конкурсы, фестывалі, падарожжы і інш. Паглядзець гэтыя стужкі магчыма on-line на YouTube і Facebook. Аднак разынкай гэтай пляцоўкі была беларуская «Полька». Так, «Польку» магчыма было навучыцца танчыць і нават паўдзельнічаць у конкурсе найлепшых танцораў. Заўважым, што завершылася наведванне МДУ імя А. А. Куляшова файным канцэртам з удзелам студэнтаў ВНУ.