Традыцыйныя сустрэчы рэктара ўніверсітэта, прафесара Дзяніса Уладзіміравіча Дука, прадстаўнікоў рэктарата адбыліся на гэтым і мінулым тыднях. 6 лістапада ў канферэнц-зале адміністрацыя ВНУ сустракалася са студэнтамі адразу чатырох факультэтаў — замежных моў, педагогікі і псіхалогіі дзяцінства, гісторыка-філалагічнага, пачатковай і музычнай адукацыі. 11 лістапада адбылася сустрэча са студэнтамі факультэта эканомікі і права, факультэта фізічнага выхавання, а таксама з навучэнцамі сацыяльна-гуманітарнага каледжа.
Студэнты задавалі пытанні, якія ў асноўным мелі побытавы характар. Ці плануецца замена драўляных вокнаў у студэнцкім інтэрнаце? Ці з’явяцца ў навучальных карпусах новыя зоны доступу да сеткі Wi-Fi? Ці будзе заменена электраправодка ў інтэрнаце № 1 па вуліцы Ленінскай?
На ўсе пытанні былі дадзеныя кампетэнтныя, вычарпальныя адказы. Так, магчыма, з пункту погляду эстэтыкі, замена вокнаў у інтэрнаце па вуліцы Ленінскай і мэтазгодная. Аднак пакуль што іншых прычын для капітальнага рамонту проста не існуе — у інтэрнаце цёпла і ўтульна. Адносна электрычнай праводкі таксама было заўважана тое, што вялікай праблемы з ёй на сённяшні дзень няма. Канешне, адміністрацыя ўніверсітэта плануе паступовы рамонт. Аднак на гэта трэба выдаткаваць не малыя сродкі. Як ставіцца Дзяніс Уладзіміравіч да студэнцкага самакіравання?
«Станоўча», — адказаў рэктар і згадаў пра Дзень самакіравання, які, нагадаем, адбудзецца ва ўніверсітэце заўтра. На думку Дзяніса Дука, сістэма самакіравання дазваляе студэнтам глыбей інтэгравацца ва ўніверсітэцкае жыццё, дапамагае хутчэй вырашаць пэўныя праблемы. Што датычыцца Wi-Fi, то тут трэба звярнуць увагу на мабільны інтэрнэт, які зараз імкліва развіваецца. Ці будуць запатрабаваныя стацыянарныя зоны доступу праз два ці тры гады? Ва ўсялякім выпадку, дадзенае пытанне патрабуе дадатковага вывучэння.
Традыцыйнае пытанне — ці з’явіцца ў галоўным корпусе ўніверсітэта медыцынскі пункт? «З’явіцца, калі колькасць студэнтаў значна павялічыцца», — адказаў на пытанне прарэктар па выхаваўчай працы Уладзімір Віктаравіч Ясеў. Яшчэ адно надзённае пытанне — студэнцкі рэйтынг. Ці з’яўляецца такая форма ацэньвання ведаў аптымальнай? Дзяніс Уладзіміравіч Дук падкрэсліў тое, што рэйтынгавая сістэма створана адмыслова для студэнтаў. Перадусім яна дазваляе пазбегнуць суб’ектыўнасці з боку выкладчыка падчас экзаменаў. Самае ж галоўнае, атрымаць станоўчую адзнаку зараз магчыма, працуючы цягам семестру. «Сказаць зараз пра тое, што адзнака — гэта ў пэўнай ступені латарэя, не выпадае», — адзначыў рэктар. Некалькі пытанняў датычыліся пераездаў студэнтаў з аднаго корпусу ў другі. У прыватнасці, гутарка вялася пра студэнтаў факультэта матэматыкі і прыродазнаўства. Ці магчыма пазбегнуць пераездаў? «Праблема гэта вядомая і ўзятая намі на кантроль, — адзначыў рэктар. — Пакуль што цалкам сканцэнтраваць вучэбны працэс у адным корпусе цяжка, але мы спадзяемся на тое, што ў будучыні праблема ўсё ж вырашыцца. У тым ліку і дзякуючы адбудове рэсурснага цэнтру (былая сталовая № 86)».
Завяршаючы сустрэчу, Дзяніс Уладзіміравіч Дук заклікаў студэнтаў актыўней уключацца ў навуковае і грамадскае жыццё. Самае ж галоўнае, амаль любая праблема можа быць вырашаная сумеснай працай студэнтаў і кіраўніцтва ўніверсітэта. «Мае дзверы, дзверы дэканатаў, кафедр заўжды для вас адкрытыя», — звяртаючыся да моладзі, сказаў Дзяніс Дук.