15 лістапада з 9:00 да 15:00 абавязкі рэктара, прарэктараў, кіраўнікоў аддзелаў і падраздзяленняў, дэканаў выконвалі студэнты. Пры гэтым распарадак дня адміністрацыі ВНУ, дэканатаў амаль не змяніўся. З удзелам дублёраў адбываліся нарады, пасяджэнні, студэнты вырашалі надзённыя пытанні і нават наведвалі заняткі. Пра тое, што Дзень самакіравання прайшоў паспяхова, заўважыў рэктар, прафесар Дзяніс Уладзіміравіч Дук падчас круглага стала. Асабліва ён падкрэсліў практычную значнасць тых прапаноў, якія паступілі ад дублёраў. Дарэчы, з разгорнутай справаздачай перад прысутнымі на круглым стале выступіў дублёр рэктара, студэнт гісторыка-філалагічнага факультэта Ігар Новікаў. Па яго словах, цягам Дня самакіравання асабліва актыўна абмяркоўваліся рэйтынгавая сістэма ацэньвання ведаў студэнтаў, эфектыўнасць працы студэнцкай прэс-службы, а таксама парадак правядзення некаторых агульнаўніверсітэцкіх мерапрыемстваў. У прыватнасці, Ігар Новікаў прапанаваў уключыць у конкурс «Давайце пазнаёмімся» адзін нумар, які б аб’яднаў першакурснікаў усіх факультэтаў.
Шмат слушных прапаноў агучыла студэнтка факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Аляксандра Арлова. Яна, паміж іншым, учора выконвала абавязкі першага прарэктара. Аляксандра прапанавала замацаваць за замежнымі студэнтамі беларускіх студэнтаў, якія б тлумачылі нашым гасцям простыя, але важныя рэчы — дзе знаходзіцца бібліятэка, дзе знайсці псіхолага, калі ён патрэбны, дзе знайсці тую або іншую кафедру… Гэта, на думку Аляксандры, паскорыць інтэграцыю замежнікаў ва ўніверсітэцкае і гарадское асяроддзе. Яшчэ дублёр першага прарэктара агучыла прапанову праводзіць ва ўніверсітэце «Фестываль нацый», які б аб’яднаў усіх тых студэнтаў, якія прыехалі вучыцца да нас з-за мяжы. «Гэта дапаможа знайсці агульную мову людзям з рознымі культурамі, менталітэтам, традыцыямі», — падкрэсліла Аляксандра Арлова. Дзяніс Дук цалкам пагадзіўся з гэтым меркаваннем і нават прапанаваў удзельнічаць у Фестывалі беларускім студэнтам. «Чаму не? Беларусам таксама будзе што паказаць — у нас самабытная культура, якая будзе цікавая нашым гасцям», — выказаўся рэктар.
Дублёр прарэктара па выхаваўчай рабоце, студэнт гісторыка-філалагічнага факультэта Аляксей Косаў выступіў з прапановай, якая датычылася куратараў акадэмічных груп. «Мы прапаноўваем раз на два месяцы куратарам праводзіць у студэнцкім інтэрнаце выхаваўчае мерапрыемства, акрамя таго, было б добра наладзіць наведванне інтэрнатаў псіхолагамі», — адзначыў Аляксей. Рэктар пагадзіўся з прапановай адносна куратараў. Падчас размовы высветлілася, што псіхолаг і без дадатковых захадаў наведвае студэнцкія інтэрнаты. Хутчэй, у дадзеным выпадку гутарку трэба весці аб недастатковай інфармаванасці студэнтаў.
Дублёр прарэктара па вучэбнай рабоце, студэнт гісторыка-філалагічнага факультэта Андрэй Сцяпанаў прапанаваў два разы на год абмяркоўваць рэйтынгавую сістэму, удасканальваць яе. «Прымаецца!», — адрэагаваў на гэту прапанову Дзяніс Дук. Пэўныя крытычныя словы адносна працы сайта выказала дублёр прарэктара па навуковай рабоце, студэнтка факультэта замежных моў Кацярына Балахонава. На яе думку, на інтэрнэт-рэсурсе ўніверсітэта не заўжды лёгка знайсці інфармацыю пра навуковыя канферэнцыі, конкурсы. Падчас круглага стала прагучалі і іншыя прапановы. Усе яны будуць уважліва вывучаныя, а некаторыя з іх ужо хутка будуць рэалізаваныя. Адзначым таксама тое, што ў гэтым годзе за кожным дублёрам быў замацаваны студэнт-журналіст, які напісаў пра тое, што ўбачыў і пачуў падчас Дня самакіравання. Прачытаць гэтыя матэрыялы ўжо хутка будзе магчыма на афіцыйнай старонцы МДУ імя А. А. Куляшова ў Facebook.