У чытальнай зале ўніверсітэта размешчаныя больш за 30 фотаздымкаў аўтарства нашай былой студэнткі Аляксандры Астроўскай. Усе яны аб’яднаныя адной тэмай — Магілёў і жыхары Магілёва. Не сакрэт, што наш горад мае багатую гісторыю, адлюстраваную ў тым ліку і ў архітэктуры. Ёсць дамы і двары, якія памятаюць пра падзеі сярэдзіны ХІХ ст. У іх захавалася непаўторная атмасфера перадрэвалюцыйнай Беларусі — вежы касцёла, званіцы, аркі старых двухпавярховікаў. Нырнуўшы ў завулак на пачатку Першамайскай, можна запраста перанесціся з ХХІ стагоддзя ў эпоху Жыгімонтаў і першых Раманавых. Асабліва моцна незвычайная атмасфера адчуваецца каля гарадской Ратушы — брукаваныя вуліцы, пабудовы ў стылі Класіцызму. Словам, у Магілёве ёсць на што паглядзець. Па сутнасці фотамастачка Аляксандра Астроўская прапаноўвае шпацыр па гарадскому ландшафту ў максімальна камфортных умовах — не пакідаючы цёплага і ўтульнага памяшкання ўніверсітэту.
Выстава размешчаная ў галоўным корпусе па адрасе: вул. Касманаўтаў, 1. Чытальная зала. Дзейнічае яна да 31 снежня.