Урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар 105-годдзя з Дня нараджэння географа, ландшафтаведа і краязнаўцы Мікалая Станіслававіча Ратабыльскага (1914–1985 гг.) учора адбылося ў вучэбным корпусе № 3 МДУ імя А. А. Куляшова. Сярод арганізатараў імпрэзы — Магілёўскі абласны аддзел Беларускага геаграфічнага таварыства, кафедра прыродазнаўства факультэта матэматыкі і прыродазнаўства.
У імпрэзе прынялі ўдзел больш за 100 жыхароў г. Магілёва, г. Бабруйска, Магілёўскага і Чавускага раёнаў — студэнтаў, выхаванцаў геафака (1969–1976 гг.), факультэтаў прыродазнаўства (2000–2015 гг.), матэматыкі і прыродазнаўства (2016–2018 гг.), выкладчыкаў МДУ імя А. А. Куляшова, сяброў геаграфічнага таварыства.
На мерапрыемстве выступілі: дэкан факультэта матэматыкі і прыродазнаўства Л. Старавойтаў, дацэнт кафедры прыродазнаўства У. Хамякоў, старшыня Магілёўскага абласнога аддзела ГА «Беларускае геаграфічнае таварыства» прафесар І. Шаруха, супрацоўніца абласной бібліятэкі Н. Багданава (у бібліятэцы да 28.05. працуе выстава ў гонар юбіляра), родныя М. Ратабыльскага — дачка Таццяна Пестуновіч, унучка, пляменнік, стваральнік дошкі — скульптар А. Вараб’ёў. Пасля ўрачыстага адкрыцця дошкі, была дапоўнена і партрэтная галерэя – на гэты раз партрэтам прафесара П. Дзмітрачкова, выпускніка гісторыка-геаграфічнага факультэта і апошняга дэкана геаграфічнага факультэта (1975–1977 гг.). Падчас імпрэзы працавала выстава кніг М. Ратабыльскага (яна падрыхтаваная супрацоўнікамі бібліятэкі МДУ імя А. А. Куляшова), дэманстраваліся прэзентацыі, якія прысвечаны творчасці юбіляра.