Круглы стол «Біяразнастайнасць у гарадах» 7 верасня прайшоў на аграбіялагічнай станцыі «Любуж» МДУ імя А. А. Куляшова ў межах рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Горад-сад, горад-луг» праекта «КАМГОР». У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 30 чалавек, у тым ліку і выкладчыкі ўніверсітэта, прадстаўнікі інфармацыйных інтэрнэт-парталаў і ТРК “Магілёў”, актывісты-эколагі, настаўнікі і вучні.
Падчас мерапрыемства былі абмеркаваныя пытанні захавання біяразнастайнасці на тэрыторыі Магілёва, магчымасці супрацоўніцтва грамадскіх актывістаў, эколагаў, навучальных устаноў і адміністрацыі горада. Пад кіраўніцтвам менеджара мясцовай ініцыятывы, старшага выкладчыка кафедры прыродазнаўства Н. Б. Тупіцынай адбылася дыскусія аб магчымасцях развіцця калекцыі лекавых раслін, закладзенай сёлета.
Эксперт праекта “КАМГОР”, кіраўнік экалагічнага аб’яднання “ЭНДА”, старшы выкладчык МДУ імя А. А. Куляшова А. Н. Пахоменка распавёў пра замежны вопыт падтрымкі біяразнастайнасці і азелянення на тэрыторыі гарадоў і пра магчымасць пераймання асобных прыёмаў і практык на нашай тэрыторыі. Для школьнікаў нечаканым “бонусам” мерапрыемства зрабіўся майстар-клас “3-D-гарадкі”.
Кіраўнік аграбіялагічнай станцыі “Любуж” А. В. Ярмоленка пазнаёміў прысутных з унікальнымі экалагічнымі мясцінамі, правёў змястоўную экскурсію на вопытным агародзе, паказаў вучэбную пасеку, распавёў пра энергетычныя і рэдкія расліны, цікава паведаміў пра лекавыя расліны і арганічную сельскую гаспадарку. Падчас экскурсіі ўдзельнікі пазнаёміліся з лекавымі ўласцівасцямі раслін і магчымасцямі падтрымкі біяразнастайнасці на тэрыторыях, напрыклад, прылеглых да школы.
Другая частка мерапрыемства атрымалася смачнай і ўрачыстай! Падчас частавання гарбатай з рамонкаў, мяты, чабору ды мацярдушкі (шматгадовая травяністая расліна сямейства губакветных — рэд.) прайшло ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў ды удзельнікаў фотаконкурса “Дзікія жывёлы роднага месца”. Памятныя падарункі ўручылі асістэнт кіраўніка мясцовай ініцыятывы “Горад-сад, горад-луг”, настаўнік сярэдняй школы № 45 г. Магілёва Капралава К. А., намеснік дэкана факультэта матэматыкі і прыродазнаўства А. Н. Пархоменка і інш. Мясцовая ініцыятыва “Горад-сад, горад-луг” праекта “КАМГОР” рэалізуецца МАА БелГТ пры фінансаванні Еўрасаюзу і пры падтрымцы МДУ імя А. А. Куляшова. Праект “КАМГОР” у Беларусі рэалізуе МЭА “ЭКАПРАЕКТ”.