Прарэктар па вучэбнай рабоце ўніверсітэта Алег Дзячэнка прыняў удзел у цырымоніі закрыцця Зімовай спартакіяды дэпутацкага корпусу Магілёўскай вобласці, якая ў гэтым годзе праходзіла ў горадзе Шклове. У мерапрыемстве таксама ўдзельнічаў старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык і старшыня Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоль Мацюлін.
Цягам двух дзён дэпутаты мясцовых Саветаў спаборнічалі ў стральбе з пнеўматычных вінтовак, кіданні дроцікаў, плаванні, канькабежным спорце (шорт-трэк), у конкурсе «Трапны хакеіст». Алег Дзячэнка павіншаваў удзельнікаў спартыўных спаборніцтваў з перамогамі ў асабістым і камандным заліках, звярнуў увагу на вялізны патэнцыял фізічнай культуры і спорту, які трэба максімальна выкарыстоўваць дзеля ўмацавання здароўя беларускага народа. «Уласным прыкладам дэпутаты не толькі папулярызуюць сярод насельніцтва заняткі фізічнай культурай і спортам, здаровы лад жыцця, — адзначыў прарэктар, — але і ствараюць умовы для паспяховага дасягнення нацыянальных стратэгічных інтарэсаў».
У выніку перамагла каманда Клічаўскага раёна. Другое і трэцяе месцы дасталіся камандам з Чавускага і Касцюковіцкага раёнаў. Усе пераможцы былі ўзнагароджаныя медалямі, граматамі і каштоўнымі падарункамі.