У красавіку пачала працу другая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Парламентарыямі былі станоўча ацэненыя праекты Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім Саюзам аб спрашчэнні выдачы віз» і Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім Саюзам аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу».
На думку члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Алега Дзячэнкі, гэтыя законапраекты з’яўляюцца важным крокам на шляху далейшага ўзаемадзеяння нашай дзяржавы з Еўрапейскім Саюзам. «У прыватнасці, яны дазволяць хутчэй праходзіць візавыя працэдуры, эфектыўна развіваць турыстычную галіну, падтрымліваць асабістыя кантакты і іншае», — падкрэсліў суразмоўца.
Парламентарый таксама адзначыў тое, што, акрамя законапраектаў, ім і яго калегамі на пасяджэнні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці быў разгледжаны шэраг актуальных пытанняў, у тым ліку была абмеркаваная і падпісаная Дэкларацыя «Асуджэнне спробаў перагляду вынікаў другой сусветнай вайны». Другая сусветная вайна стала велізарнай трагедыяй не толькі для народаў Еўропы, гаворыцца ў Дэкларацыі, але і для ўсяго свету. Вайна забрала дзясяткі мільёнаў жыццяў.
Нюрнбергскі трыбунал даў дакладную прававую ацэнку падзеям тых гадоў, вынес прысуды ўсім тым, хто здзяйсняў варварскія злачынствы супраць чалавецтва. «На вялікі жаль, з цягам часу ўрокі гісторыі не проста забываюцца, а свядома скажаюцца ў імя палітычнай кан’юнктуры. Так, вялікае абурэнне выклікае знішчэнне пахаванняў воінаў, якія загінулі за вызваленне Еўропы ад нацызму», — дадае Алег Дзячэнка.
Беларускія парламентарыі асуджаюць любыя спробы скажэння гістарычнай праўды. Яны лічаць неабходным падтрымаць ініцыятыву аб унясенні ў падручнікі гісторыі для школ і ўніверсітэтаў усіх краін Савета Еўропы праўдзівай інфармацыі пра Другую сусветную вайну з улікам пазіцый, зацверджаных Нюрнбергскім трыбуналам ў 1946 г.
Фота: Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь