Печать

Пайшоў з жыцця Мікалай Мікалаевіч Караткоў

Мікалай Мікалаевіч Караткоў_МГУ_Кулешова

8 красавіка заўчасна пайшоў з жыцця кандыдат філалагічных навук, дацэнт Мікалай Мікалаевіч Караткоў

Мікалай Мікалаевіч нарадзіўся 10 кастрычніка 1948 года ў вёсцы Дзевіна Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Пасля навучання ў мясцовай пачатковай школе паступіў у Полацкую школу-інтэрнат. Наступная прыступка — Полацкі лясны тэхнікум, які Мікалай Караткоў паспяхова скончыў у 1967 годзе. З 1967 па 1969 гг. ён служыў у войску — быў сувязістам спачатку ў Пячах, а потым у Гародні. Пасля дэмабілізацыі Мікалай Мікалаевіч некаторы час прапрацаваў памочнікам ляснічага ў Аршанскім лясгасе.

У 1972 годзе Мікалай Караткоў паступае на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. У 1976 годзе ён атрымаў дыплом і пачаў працаваць у вясковай школе Аршанскага раёна. У 1977 годзе Мікалай Мікалаевіч пераязджае ў Магілёў, дзе становіцца выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры. Ва ўспамінах пра гэты перыяд ён напіша: «Я зноў апынуўся ў alma mater, дзе прапрацаваў без малога 40 год. Спачатку выкладчыкам, а пасля завяршэння аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР у 1983 годзе — старшым выкладчыкам». У 1989 годзе Мікалай Мікалаевіч абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Ранняя проза Максіма Гарэцкага: праблема стылю».

З 1990 па 2001 гг. ён працаваў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры. З 2003 па 2007 гг. кіраваў работай секцыі журналістыкі кафедры беларускай літаратуры, а з 2007 па 2013 гг. быў загадчыкам кафедры журналістыкі. Пасля рэарганізацыі кафедры Мікалай Мікалаевіч займаў пасаду дацэнта кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый. Два гады выкладаў беларускую мову на пасадзе прафесара кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Магілёўскага інстытута МУС.

Мікалай Мікалаевіч Караткоў для ўсіх сваіх калег быў прыкладам прафесіяналізму, чалавечнасці, добрасумленнасці. У нашай памяці ён застанецца як бясконца светлы, добры чалавек, таленавіты навуковец, педагог з вялікай літары. Рэктарат, калектыў кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый гісторыка-філалагічнага факультэта выказвае глыбокія спачуванні сям’і, родным Мікалая Мікалаевіча.

Развітанне з Мікалаем Мікалаевічам адбудзецца сёння з 12:00 да 14:00 у рытуальнай зале па адрасу вул. Першамайская, 99.