Печать

Узнагароджанне пераможцаў адкрытага літаратурнага конкурсу «І кружыцца планета Куляшова»

Узнагароджанне_пераможцаў_МГУ_Кулешова_МГУ_Кулешова

19 чэрвеня 2024 года ў Палацава-паркавым комплексе Булгакаў у аг. Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адкрытага літаратурнага конкурсу «І кружыцца планета Куляшова», прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Арганізатарамі конкурсу выступілі Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова, Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, Магілёўская абласная арганізацыя ГА «Беларускі фонд міру».

У пачатку цырымоніі ўзнагароджання з прывітальным словам да гасцей свята і пераможцаў конкурса звярнуўся старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Аляксандр Мікалаевіч Казека. Мерапрыемства суправаджалася канцэртнай праграмай, у перапынках паміж асобнымі нумарамі якой праходзіла ўзнагароджанне пераможцаў розных узроставых катэгорый дыпломамі.

Пераможцаў конкурсу ўзнагароджвалі прадстаўнікі выкладчыцкай дынастыі МДУ імя А. А. Куляшова Дзіна Аляксееўна Карпечкіна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры славянскай філалогіі і Аляксей Сцяпанавіч Лаўшук, кандыдат філалагічных навук, у свой час дэкан факультэта славянскай філалогіі. Дзіна Аляксееўна і Аляксей Сцяпанавіч шчыра павіншавалі ўдзельнікаў з перамогай.

Сярод іншых пераможцаў конкурсу дыпломам ІІІ ступені быў узнагароджаны студэнт 4 курса гісторыка-філалагічнага факультэта спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура» Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова Суслянкоў Андрэй у намінацыі «Я адзін выходжу на дарогу…» (узроставая катэгорыя 14–21 год).

Па заканчэнні ўрачыстай часткі ўсе ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў в. Боркі, дзе наведалі мемарыяльны комплекс памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці, пазнаёміліся з гісторыяй трагедыі, якая адбылася ў вёсцы Боркі 15 чэрвеня 1942 года падчас Вялікай Айчыннай вайны, ушанавалі памяць спаленых жыхароў хвіланай маўчання, усклалі кветкі да скульптурнай кампазіцыі «Беларусь-журботная маці».