Кнігу пра дзейнасць легендарнага Магілёўскага Беларускага Камітэта надрукавалі ў МДУ імя А. А. Куляшова. Укладальнікі і аўтары манаграфічнага даследавання — кандыдаты гістарычных навук, дацэнты А. Р. Агееў і І. А. Пушкін.
Назва манаграфіі гучыць наступным чынам: «Фарміраванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэта (1917–1918 гг.)». Складаецца кніга больш як з 250 старонак і побач з навуковымі тэкстамі змяшчае ўнікальныя гістарычныя дакументы, здабытыя ў архівах Вільні і Мінска. У звароце да чытача аўтары тлумачаць прычыны свайго звароту да адной з найбольш дыскусійных старонак айчыннай мінуўшчыны: «Успаміны Міхаіла Кахановіча, надрукаваныя ў 1997 годзе ў часопісе „Спадчына“, аказалі моцны ўплыў на нас — аўтараў гэтага выдання. Са ўспамінаў выяўлялася, што Магілёў стаў адзіным буйным горадам Беларусі, які на сходзе прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый падтрымаў у 1918 годзе ідэю стварэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі». Па словах Аляксандра Агеева, пасля адбудовы ў 2008 годзе Магілёўскай ратушы сярод многіх магілёўцаў запанавалі пазітыўныя настроі і жаданне штосьці зрабіць для горада. Адзін з такіх канструктыўных крокаў — пошук у віленскім архіве дакументаў, якія мелі дачыненне да Магілёўскага Беларускага Камітэта. «Такіх дакументаў было выяўлена дастаткова багата. Узнікла ідэя напісання кнігі, і ідэя гэтая была станоўча ўспрынятая грамадскасцю горада. Праца распачалася і нарэшце ў мінулым годзе была пастаўлена, спадзяюся, не кропка, а шматкроп’е… Мы спадзяваемся на тое, што пасля выхаду гэтай кнігі меркаванні аб тым, што ўсходнебеларускія гарады нібыта слаба ўдзельнічалі ў нацыятворчых працэсах, больш гучаць не будуць», — адзначыў гісторык.
{phocagallery view=category|categoryid=284|limitstart=0|limitcount=0|detail=5}