Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Рыгоравіч Агееў прыняў удзел у рэалізацыі маштабнага выдавецкага праекта «Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадруку».
Кніга выйшла ў свет у канцы мінулага года ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Укладальнікам гэтага, без перабольшвання, шыкоўнага фаліянта з’яўляецца вядомы беларускі культуролаг і кнігазнаўца Алесь Суша. У рэдакцыйную раду ўваходзілі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Станіславаўна Ананіч, міністр аховы здароўя Валерый Анатольевіч Малашка, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Віктаравіч Даманеўскі і іншыя. Кніга прадставіла надзвычай багатую спадчыну магілёўскага кнігадрукара Спірыдона Собаля і яго паслядоўнікаў ХVII–ХVIII ст. Важна тут падкрэсліць тое, што Спірыдон Собаль — адзін з найбуйнейшых праваслаўных выдаўцоў. Менавіта гэты дзеяч распачаў кнігадрукаванне ў Куцейне, Буйнічах і ў самім Магілёве. Спірыдон Собаль выдаў першы на землях сучаснай Беларусі «Буквар». Надзвычай паспяхова ён развіваў сваю выдавецкую дзейнасць у Кіеве, а таксама наведаў з мэтай арганізацыі выдавецкай справы Маскву. У кнізе прадстаўлены ўнікальны, магілёўскі, перыяд дзейнасці С. Собаля. На жаль, большая частка спадчыны нашага земляка сёння знаходзіцца за мяжой — у архівах Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі (Масква), бібліятэкі Расійскай акадэміі навук, Нацыянальнай бібліятэкі Украіны, Нацыянальнага музея ў Львове і інш. «Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадруку» — гэта ўнікальная магчымасць убачыць магілёўскія старадрукі, іх шыкоўна аформленыя аркушы, разгледзіць па-мастацку аздобленыя ініцыялы, расчытаць тэкст на «мове славенскай» (царкоўнаславянскай). Вяртаючыся да ўдзелу Аляксандра Агеева ў прафінансаваным Магілёўскім аблвыканкамам праекце, згадаем яго артыкул, прысвечаны беларуска-ўкраінскім ўзаемаўплывам. Гісторык МДУ імя А. А. Куляшова прааналізаваў развіццё адукацыі на тэрыторыі Беларусі і Украіны ў кантэксце развіцця кнігавыдавецкай справы. Набыць выданне магчыма ва ўсіх кнігарнях нашага горада. Спадзяемся таксама на хуткае з’яўленне кнігі ў бібліятэках Магілёва і вобласці.
{phocagallery view=category|categoryid=99|limitstart=0|limitcount=0|detail=5}