Рэдкія выданні пачатку ХХ стагоддзя з’явіліся ў МДУ імя А.А.Куляшова

Рэдкія выданні пачатку ХХ стагоддзя з’явіліся ў МДУ імя А. А. Куляшова. Спачатку адшукаў, а потым перадаў іх універсітэцкаму музею Віктар Яўгенавіч Бычкоў, унук першага рэктара тагачаснага Магілёўскага настаўніцкага інстытута Яўгена Іосіфавіча Бычкова.

Гісторыя знаёмства Віктара Яўгенавіча Бычкова з Магілёўскім універсітэтам пакручастая і амаль дэтэктыўная. Пачалася яна 4 гады назад, калі ў адміністрацыйным крыле МДУ імя А. А. Куляшова паўстала так званая галерэя рэктараў. Дзякуючы таленту і руплівасці мастакоў, удалося адлюстраваць кіраўнікоў нашага ўніверсітэта. З’явілася галерэя адмыслова да юбілейнай даты — 100-годдзя ВНУ. Праўда, на той час існавала адна акалічнасць, якая не дазваляла лічыць галерэю цалкам завершанай: не хапала партрэта першага рэктара Магілёўскага настаўніцкага інстытута Яўгена Іосіфавіча Бычкова. У 2015 г. гэту праблему вырашыў дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Рыгоравіч Агееў, які адшукаў фотаздымак Яўгена Іосіфавіча ў фондзе асабістых спраў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У сакавіку 2016 г. партрэт першага рэктара нарэшце з’явіўся ў галерэі. Сюжэт пра гэты ўрачысты момант паказалі па беларускаму тэлебачанню. Выпадкова рэпартаж убачыў Віктар Яўгенавіч Бычкоў, які спачатку звязаўся з журналістамі, а потым выйшаў на Аляксандра Агеева. «Віктар Яўгенавіч жыве ў Светлагорску, — распавядае гісторык. — Ён заслужаны пенсіянер, мае ўзнагароды, падзякі ад ураду БССР. Нягледзячы на ўзрост (83 гады), ён энергічны, жвавы, з добрай, амаль энцыклапедычнай памяццю». Віктар Яўгенавіч нарадзіўся ўжо пасля трагічнай гібелі свайго дзеда, расстралянага па сфабрыкаванай справе ў 1937 г. Па словах Аляксандра Агеева, Яўгена Іосіфавіча Бычкова абвінавацілі ў трацкізме. У трыццаць сёмым ён працаваў загадчыкам аднаго з аддзелаў на магілёўскім камбінаце шоўкавых тканін (так званая «КШТ»). Да гэтага выкладаў у Гомельскім універсітэце. Віктар Яўгенавіч ведае пра лёс дзеда надзвычай мала. «І гэта зразумела… Пра арыштаваных сваякоў у той час казаць было не пажадана, — тлумачыць Аляксандр Агееў. — Вядома толькі пра тое, што жонка Яўгена Іосіфавіча схавалася ад рэпрэсій у Ленінградзе». Варта тут заўважыць тое, што Яўгену Бычкову, сыну народнага настаўніка, удалося ўзяцца шлюбам з прадстаўніцай заможнага дваранскага роду Багданавых. Род гэты меў вялікі дом на вуліцы Быхаўскай у Магілёве. Пра лёс бабулі Віктар Яўгенавіч амаль нічога не ведае. Гэтак жа мала звестак пра бацьку, які знік у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Сям’я шмат разоў пераязджала, аднак захавала багаты архіў. Ёсць у ім і кнігі, уласнікам якіх быў некалі Яўген Іосіфавіч Бычкоў. Менавіта гэтыя кнігі і былі перададзеныя ў музей універсітэта. У лютым 2017 г. запланаваны візіт Віктара Яўгенавіча ў МДУ імя А. А. Куляшова. Дададзім да гэтага таксама тое, што кіраўнік творчай студыі «Позірк» Міхаіл Юр’евіч Ганін здымае дакументальную стужку пра лёс першага рэктара тагачаснага Магілёўскага настаўніцкага інстытута. Працоўная назва стужкі — «Гісторыя аднаго партрэта».

{phocagallery view=category|categoryid=21|limitstart=0|limitcount=0|detail=5}


 stb iso 42
Качество услуг

© 2024. Могилёвский государственный университет имени А. А. Кулешова
212022 г. Могилев, ул. Космонавтов, 1. Тел. +375 222 71 26 35 (понедельник – пятница) — отдел организации делопроизводства;
+375 222 71 05 70 (понедельник – суббота) — приемная ректора. Факс:  +375 222 71 36 26, Email: msu@msu.by
Разработка и дизайн сайта: ocit@msu.by

Яндекс.Метрика