Урачыстая цырымонія адкрыцця партрэтнай галерэі дактароў навук, прафесараў, заслужаных работнікаў адукацыі Рэспублікі Беларусь, лаўрэатаў Прэміі ўніверсітэта за высокія дасягненні ў навукова-адукацыйнай сферы адбылася ўчора ў МДУ імя А. А. Куляшова. У галерэі — 21 партрэт, аднак, па словах рэктара ўніверсітэта, прафесара Дзяніса Дука, гэтая колькасць далёка не канчатковая.
«У галерэі прадстаўлены партрэты тых нашых калег, якія ўжо маюць пэўныя поспехі. Яны — своеасаблівы арыенцір для астатніх», — падкрэсліў Дзяніс Дук. Галерэя створана магілёўскім фотамастаком Васілём Цітовым. Плануецца, што партрэты навукоўцаў і выкладчыкаў будуць рэгулярна папаўняцца. «Мы спадзяемся на тое, што публічнае прызнанне заслуг навукоўцаў будзе стымуляваць і іншых рухацца наперад, больш энергічна, плённа займацца навуковай і адукацыйнай дзейнасцю», — заўважыў прарэктар па навуковай рабоце Віктар Старасценка.