Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч сёння ў межах Дня інфармавання наведаў МДУ імя А. А. Куляшова. Падчас сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі ён распавёў пра асноўныя накірункі развіцця і ўдасканалення сістэмы ЖКГ у нашай краіне. У прыватнасці, госць універсітэта праінфармаваў прысутных аб пазіцыі Прэзідэнта Беларусі адносна рэфармавання ЖКГ. «Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў тое, што павелічэнне коштаў за ЖКГ павінна адбывацца разам з павелічэннем заробкаў. Акрамя таго, высокі кошт за „камуналку“ павінен адпавядаць якасці той або іншай паслугі», — нагадаў словы Прэзідэнта Аляксандр Карлюкевіч.
Другая частка размовы сканцэнтравалася вакол журналістыкі. У прыватнасці, Аляксандр Карлюкевіч распавёў пра некаторыя змяненні, якія былі ўнесеныя ў Закон Рэспублікі Беларусь аб СМІ. «Доўгі час мы не заўважалі такі значны медыйны рэсурс, як Інтэрнэт, — адзначыў міністр. — Вядома ж, большасць сучасных беларусаў чэрпаюць інфармацыю менавіта з глабальнай сеткі. Яна пераўтварылася ў самае аператыўнае СМІ на планеце. Інтэрнэт моцна ўплывае на штодзённае жыццё людзей. А гэта значыць, што сайты і акаунты ў сацыяльных сетках павінны адказваць за праўдзівасць і аб’ектыўнасць распаўсюджваемай інфармацыі нароўні з традыцыйнымі, звыклымі для нас СМІ».
Яшчэ адна праблема, якую закрануў міністр падчас гутаркі са студэнтамі, — ідэнтыфікацыя наведвальнікаў таго або іншага рэсурса. «Хачу, каб мяне дакладна зразумелі. Мы не змагаемся з Інтэрнэтам! Мы ўсяго толькі імкнёмся абараніць добрасумленных карыстальнікаў ад тых, хто злоўжывае свабодным доступам да той або іншай сацыяльнай сеткі, парушае ў Інтэрнэце законы. Змяшчае, напрыклад, абразы, зневажае гонар пэўнага чалавека ці групы асоб».
Звярнуў увагу Аляксандр Карлюкевіч і на будучыню нацыянальнага тэлебачання, кантэнт, якога, на думку міністра, павінен складацца з важкай часткі беларускага медыйнага прадукту. «Сённяшнія СМІ павінны паспяваць за часам, — неаднаразова падкрэсліў Аляксандр Мікалаевіч падчас сваёй прамовы. — Для нас вельмі істотна тое, што інфармацыя з газеты трапляе ў сацыяльныя сеткі і, такім чынам, знаходзіць свайго чытача. Развіццё сучасных сродкаў камунікацыі, уменне валодаць імі — надзённая задача для беларускіх СМІ».
Студэнты задавалі шмат пытанняў. Аляксандр Карлюкевіч адказваў вельмі змястоўна. Ужо зараз журналісты расцягнулі яго маналогі на цытаты. Рэдакцыя MSU NEWS паспела ўзяць у Аляксандра Мікалаевіча інтэрв’ю, якое вы ўжо ў панядзелак убачыце на сайце ўніверсітэта.