Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Куляшоўскія чытанні» прайшла ў МДУ імя А. А. Куляшова 18 красавіка. У форуме прынялі ўдзел каля 120 навукоўцаў з Беларусі, Польшчы, Расіі і Італіі. Сёлета «Куляшоўскія чытанні» праводзіліся ў трыццаць шосты раз. Як адзначыў удзельнік пленарнага пасяджэння, кандыдат філалагічных навук дацэнт Яраслаў Іванавіч Клімуць, які, дарэчы, з’яўляецца адным з ініцыятараў і пачынальнікаў правядзення мерапрыемства такога ўзроўню і маштабу, «Куляшоўскія чытанні» пачалі праводзіцца з 1984 года, а сучасны фармат набылі ў 1994 годзе.
Традыцыйна на канферэнцыі абмяркоўваюцца актуальныя праблемы мовазнаўства, літаратуразнаўства, методык выкладання гумманітарных дысцыплін. У 2015 годзе ў межах канферэнцыі пачалі разглядацца таксама пытанні гістарычнага характару. У гэтым годзе арганізатарам канферэнцыі стала кафедра агульнага і славянскага мовазнаўства, а мадэратарам —Таццяна Віктараўна Масейчук, загадчык кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук.
Каля ўваходу ў канферэнц-залу арганізатары размясцілі выставу, на якой прадстаўлены тры тэматычныя экспазіцыі. Першая экспазіцыя прэзентавала творы Народнага паэта Беларусі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова, чыё 105-годдзе, нагадаем, наша краіна адзначыла ў лютым 2019 года. Другая экспазіцыя прысвечана літаратурнай і навуковай дзейнасці доктара філалагічных навук прафесара Васіля Іванавіча Рагаўцова — паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужанага дзеяча навукі, члена-карэспандэнта Акадэміі навук. Васіль Іванавіч шмат гадоў працаваў у нашай установе, быў загадчыкам кафедры беларускай мовы. Трэцюю экспазіцыю складалі навуковыя даследаванні (манаграфіі, артыкулы, слоўнікі, матэрыялы канферэнцый) і вучэбна-метадычныя дапаможнікі выкладчыкаў кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства.
Канферэнцыю адкрыла прарэктар па навуковай рабоце, кандыдат фізіка-матэматычных навук Алена Валер’еўна Цімошчанка. Яна адзначыла тое, што з кожным годам цікавасць да навуковага мерапрыемства ўзрастае, павялічваецца і аўдыторыя слухачоў. Навукоўцаў прывітала таксама намеснік дэкана гісторыка-філалагічнага факультэта Алена Іванаўна Галавач, якая пажадала ўдзельнікам прадуктыўнай працы, выпрацоўкі нестандартных ідэй і рашэнняў.
Першай з дакладам выступіла загадчык кафедры грамадзянскага і гаспадарчага права Юлія Васільеўна Алянькова, якая вельмі эмацыянальна расказала пра творчасць Аркадзя Куляшова і пра феномен культурнай памяці. Яраслаў Іванавіч Клімуць таксама прысвяціў сваё выступленне творчасці Аркадзя Куляшова, у прыватнасці навуковец ахарактарызаваў літаратурную рэмінісцэнцыю як мастацкі прынцып у паэме «Варшаўскі шлях». Яраслаў Іванавіч адзначыў, што важную ролю ў напісанні паэмы адыграла сяброўства Аркадзя Куляшова з Аляксандрам Твардоўскім.
Людміла Цімафееўна Кілявая, прафесар лінгвістычна-тэхнічнага універсітэта ў Свечы (Польшча), доктар філалагічных навук, прафесар раскрыла актуальную тэму «транскамунікацыі як выніка транскультуральнасці». Людміла Цімафееўна распавяла аб камунікацыі ў цэлым і аб віртуальных зносінах у прыватнасці, назвала прычыну існавання феномену транскамунікацыі, падзялілася ўласнымі даследаваннямі.
Кацярына Мікалаеўна Васіленка, дактарант кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт выступіла з дакладам на тэму: «Жанравая арганізацыя інтэрнэт-дыскурсу». Яна растлумачыла тое, як з дапамогай глабальнай сеткі Інтэрнэт ажыццяўляецца камунікатыўнае ўзаемадзеянне паміж людзьмі, прывяла прыклады жанраў інтэрнэт-дыскурсу.
Апошні даклад пленарнага пасяджэння быў прысвечаны незвычайнаму чалавеку, паэту і мовазнаўцу Васілю Рагаўцову. Сябар паэта Генадзь Антонавіч Арцямёнак, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, расказаў аб яго навуковай і творчай дзейнасці. Напрыканцы пасяджэння студэнтка 4 курса гісторыка-філалагічнага факультэта Пішчанка Караліна выканала песню, прысвечаную роднаму краю. Пасля невялікага перапынку для ўдзельнікаў канферэнцыі была праведзена экскурсія па Зале славы ўніверсітэта, а з трох гадзін пачалі працаваць секцыйныя пасяджэнні.
Бармуцкая Крысціна, Нікіцін Кірыл, Папсуева Юлія, Шуцяева Юлія,
студэнты І курса гісторыка-філалагічнага факультэта
спецыяльнасці Журналістыка (друкаваныя СМІ)
Фота: Ягор Малейка