І.А. Марзалюк: “Пра Беларусь – толькі факты!!!”


Пасля выхаду кнігі “Міфы адраджэнскай гістарыяграфіі Беларусі” Ігар Аляксандравіч адказаў на пытанні, якія задавалі магілёўскія журналісты. Гутарка вялася пра праблемы, актуальныя для Магілёва і Беларусі. Адна з іх – праблема аб’ектыўнасці гістарычных ацэнак.

Віталь Еўмянькоў:

– Добры дзень шаноўнае спадарства! Сёння мы маем прыемнасць запрасіць у госці аднаго з найбольш вядомых гісторыкаў нашай краіны, доктара навук, прафесара Ігара Аляксандравіча Марзалюка. Тэма нашай гутаркі датычыцца яго кнігі “Міфы адраджэнскай гістарыяграфіі Беларусі”, якая, на погляд многіх спецыялістаў, з’яўляецца адной з найбольш цікавых і неадназначных работ. Мы паразмаўляем з нагоды выхаду кнігі і яе канцэпцыі, а потым Ігар Аляксандравіч адкажа на тыя пытанні, якія даслалі магілёўцы і жыхары нашай краіны.

Ігар Аляксандравіч Марзалюк:

02– Шаноўнае спадарства, мне вельмі прыемна быць у родным горадзе. З задавальненнем адкажу на карэктна пастаўленыя пытанні тых людзей, якія ведаюць, што такое гісторыя. Адразу падкрэслю  – “Міфы адраджэнскай гістарыяграфіі Беларусі” пісаліся ў першую чаргу для прафесійных навукоўцаў. Кніга выдадзена мінімальным накладам – усяго 100 асобнікаў. Есць у ёй некаторыя рэчы, якія некаму могуць падацца сенсацыйнымі, але для прафесійных гісторыкаў там сенсацый няма...

“У заходнерускай матрыцы быў сфарміраваны вобраз беларусаў…”

Адразу хачу сказаць – беларусы для мяне не толькі праваслаўныя, ёсць беларусы каталікі, пратэстанты, атэісты... Размова будзе датычыцца цалкам іншага... Існуе меркаванне, што, маўляў, тры каталіка прыдумалі нацыяналістычную гістарыяграфію. Насамрэч наратыў нацыянальны ў тым выглядзе, у якім мы прызвычаіліся яго бачыць у 1990-я гады, паўстаў яшчэ ў 1850-1860-х гг. Пры гэтым менавіта ў заходнерускай матрыцы быў сфарміраваны вобраз беларусаў… Я ў гэтым глыбока перакананы. Пра гэта сведчаць тэксты.

“Нічога тут сорамнага няма…”

Блізкая сітуацыі і ва ўкраінцаў! Я раю пачытаць работы Зянона Когута, прысвечаныя гісторыі маларусізма. Когут – выдатны канадскі эміграцыйны даследчык, якому кан’юнктуру не закінеш… Што да майго стаўлення да заходнерусізму і да той сітуацыі, якая існавала на землях Беларусі ў ХІХ ст., то яно надзвычай блізкае да поглядаў Цвікевіча. Ён працаваў у 1920-я гады, быў прэм’ер-міністрам БНР і з’яўляўся аўтарам працы, якую ведае любы спецыяліст, абазнаны ў гістарыяграфіі Беларусі ХІХ ст. Праца называецца “Заходнерусізм. Нарысы з гісторыі грамадска-палітычнай мыслі Беларусі”.

“Творчасць польскамоўных аўтараў не захапляла мужыка”

Працытуем Цвікевіча: “Творчасць Баршчэўскага, Чачота, Сыракомлі, Тышкевіча, Кіркора, Дуніна-Марцінкевіча і інш. стварыла, праўда, пэўную плынь у мясцовым грамадстве, у мясцовай літаратуры, але паважным фактарам у агульным жыцці краю не з’явілася. Яна занадта моцна была прасякнутая польскім зместам, занадта была рамантычнай, мела сваёй крыніцаю сентыментальна-панскую або, у лепшым выпадку, навукова-этнаграфічную зацікаўленасць да Беларусі, як адной з польскіх правінцый. Таму захапіць мужыка не магла.

“Больш абяцаючым было з’яўленне беларусафілаў з рускай культурнай арыентацый”

Гэтая навукова-рамантычная дзейнасць не будзіла ў беларускіх масах пачуццё асобнасці ад палякаў, не захапляла сваёй гатоўнасцю на змаганне за Беларусь як нешта асобнае ад Польшчы. Ва ўсёй гэтай творчасці выяўляліся адносіны двара да вёскі, інтэлігентнага і ліберальнага пана, шляхціца да мужыка, як кмётка … Па сутнасці ўся плеяда беларуска-польскіх вучоных, паэтаў і даследчыкаў – толькі першы падрыхтоўчы перыяд выяўлення беларускай нацыянальнай культурнай ідэі, перыяд надзвычай яскравы, але толькі падрыхтоўчы. Больш абяцаючым было, на наш погляд, з’яўленне беларусафілаў з рускай культурай, прыкладам якіх можа быць той жа Шпілеўскі…

“...пісалі і думалі па-расейску, але адчувалі па-беларуску”

Недахоп беларусафілаў з польскай культурнай арыентацыяй заключаўся ў тым, што яны прыходзілі на Беларусь з мэтай адарваць яе культурна і палітычна для Польшчы (звяртаю ўвагу – І. Марзалюк). Тым часам як беларусафілы, што выходзілі з расійскай культуры, што канчалі расійскія ўніверсітэты, пісалі і думалі па-расейску, але адчувалі па-беларуску, мусілі акрэсліваць і адрываць Беларусь ад Расіі для Беларусі (!)”

“...беларуская мова нібыта ёсць дыялектам”

“Шпілеўскі і Кіркор аднолькава думалі, што беларуская мова ёсць дыялектам, для першага – расійскай, а для другога – польска мовы. Перавага Шпілеўскага была ў тым, што для прызнання беларускай мовы ён павінен быў зрабіць адзін крок, а Кіркор – два крокі. Расійская культура была прызнаная, расійская мова была дзяржаўна забяспечаная і рэакцыя да яе з мясцовага пункту погляду прыводзіла беспасрэдна да прызнання мовы беларускай. А польская культура была падбітай, польская культура не мела прызнання, і толькі пасля прызнання магла выклікаць прызнанне мовы беларускай”.

“...заходнерусізм стварыў усё тое, чым мы карыстаемся...”

Цвікевіч выразна паказаў тое, як заходнерусізм стварыў усё тое, чым мы карыстаемся да сённяшняга дня. Кім быў Яўхім Карскі, кім быў Насовіч, кім быў Раманаў, кім быў Сапуноў? Заходнерусамі! Гэтыя людзі пастаянна абаранялі беларускую традыцыю і беларускую мову. Яны, нарэшце, сталі беларускімі нацыяналістамі, а многія з іх былі беларускімі патрыётамі. Менавіта заходнерусы стварылі вобраз Беларусі. Заходнерускі патрыятызм, канешне, быў патрыятызмам усходняй арыентацыі, і калі на хвілю гэтая арыентацыя змянялася, ён пераплаўляўся ў сепаратызм.

Гэтая “пераплаўка” была вельмі цікавай. Акурат у 80 – 90 я гг. маладыя кадры беларускай інтэлігенцыі праходзілі вышэйшую школу. Побач з масай русіфікатараў, якіх выкідалі настаўніцкія семінарыі і інстытуты, выходзілі сапраўды свядомыя беларусы. Усё залежала ад таго, як хто чытаў заходнерускія творы і як хто рэагаваў на наяўнасць заходнерускіх асаблівасцей тутэйшага краю.

“На месцы “Западная Расія” больш зразумелае – “Беларусь”.

Каму была знаёмая Расія і хто чакаў ад яе карысці ў кар’еры, той чытаў іх па “западна”-руску. Той жа, хто Расіі не ведаў і нічога ад яе не чакаў, той прапускаў без увагі патрэбу свайго аб’яднання з ёй, а на месцы слоў “Западная Расія” ставіў больш зразумелае – “Беларусь”. Больш звяртаў увагу на довады яе гістарычнай і нацыянальнай самастойнасці, чым на довады еднасці.

“...слугі царя і Отечества... стварылі першы іканастас беларускіх нацыянальных герояў”.

Гэта Цвікевіч звярнуў увагу на тое, што Сапуноў і яго бліжэйшы паплечнік Стукаліч (абодва кадэты, “слугі царя і Отечества”) – вялікія даследчыкі культуры Беларусі, якія стварылі першы беларускі міфалагізаваны нацыянальны іканастас, без якога сёння не абыходзяцца кніжкі, прызначаныя для дзяцей. Сярод герояў – Ефрасіння Полацкая, Францішак Скарына, Тадэвуш Касцюшка.

“Там – культурныя героі, якія прапісваюцца ў матрыцы нашай свядомасці”.

Той жа Раманаў пісаў, адказваючы на фанабэрыстую заметку “гаспадзіна” Дзедлава  (цытую): “Касцюшка – не літвін, а сын Белай Русі. Тут трэба мець на ўвазе тое, што слова “літвін” у польскім дыскурсе заўсёды азначала – “літовец”, этнічны балт. Гэта толькі ў сучасных беларускіх варыянтах пішуць – “ліцвін” і думаюць, што гэтым нешта змяняюць.

Аднак вернемся да асноўнай тэмы нашай гутаркі. Яшчэ адзін беларускі гісторык Павел Церашкевіч – ён зараз у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце – дакладна паказвае тое, што без заходнерускай традыцыі не паўсталі б ні беларускі нацыянальны рух, ні беларуская нацыянальная ідэнтычнасць.

“У эстонцаў існаваў свой аналаг заходнерусізму – практычна, адзін ў адзін”

Я лічу, што ідэі заходнерусізму – гэта папярэднік ранняй беларускай мадэрнай ідэнтычнасці. Ёсць, праўда, адна важная рэч – і тут нельга не пагадзіцца з тым жа Булгакавым, – да заходнерусаў, да Каяловіча не існавала вобраза Беларусі як этнічнай цэласнасці.

“Каяловіч: “Белорусский народ живёт там, где живёт белорусский язык!”

Менавіта ўсходнія культурнікі здзейснілі ўражваючую інавацыю. Яны напоўнілі этнакультурным зместам паняцце “Беларусь”. Заходняя Расія ва ўяўленні Каяловіча – гэта беларусы, украінцы і літоўцы – тыя этнічныя плямёны, якія некалі складалі гістарычную агульнасць, увасобленую ў Вялікім Княстве Літоўскім, у якіх была агульная актавая мова, агульная доля-нядоля і агульная няволя.

Іншая справа, што Каяловіч – як і большасць тагачасных гісторыкаў – стаяў на пазіцыі існавання вялікай рускай нацыі, якая складаецца з трох частак – беларускай, рускай і маларускай. Так, гэта праўда! І ніхто гэтага не адмаўляе... Але ў чым наватарства? Каяловіч упершыню сказаў, што існавала першая беларуская дзяржава – Полацкае княства. Менавіта Каяловіч стварыў камплементарны, прыемны для беларускай гістарыяграфіі, вобраз ВКЛ – нібыта паўставала гэта дзяржава мірна, была яна месцам, дзе адбыўся трыумф беларускай культуры.

“І не мы адны такія!”

Славакі так, як мы дзелім Літву на літвінаў і летувісаў, падзялілі Венгерскае каралеўства на мадзьяраў і хунгараў. Гэта казка – такая ж, як і наш міф пра Літву-Беларусь. Тут я адразу хачу сказаць – Вялікае Княства Літоўскае не чужое нам. У яго межах этнічна аформілася тая адрознасць, якая пазней будзе называцца беларускай нацыяй, а за тымі часамі называлася рускай або русінскай.

“Гэта “рускасць” не распаўсюджвалася на суседзяў з усходу”!

Спробы даказаць тое, што Гедымінавічы былі не літоўскімі князямі, а беларускімі належаць заходнерусам. Юргевіч першым з трыумфам даказваў гэта. Спроба сказаць, што ВКЛ толькі беларуская дзяржава і ўся спадчына ВКЛ належыць нам – таксама адтуль, з заходнерусізму. Я пра гэта пішу...

Нехта мяне папракае ў тым, што я нібыта спрашчаю культурную сітуацыю ў ХІХ ст., што я брутальна адмаўляю ў беларускасці тым людзям, якія з’яўляюцца знакавымі ў нашай гісторыі. Гэта не зусім так... Я не адмаўляю спадчыну палоналітвінаў. Так іх называюць…

“Яны былі палякамі ў тагачасным сэнсе гэтага слова”.

Кім былі нашы шляхцюкі, якія называлі сябе і літвінамі, і палякамі? Такая сітуацыя была цалкам нармальнай, бо ў Рэчы Паспалітай існавала зусім іншае – не этнічнае – азначэнне нацыі. Яны былі палякамі ў тагачасным сэнсе гэтага слова. І лічылі сябе палякамі так, як гасконскі шэвалье д’Артаньян лічыў сябе французам. Разумееце?

“Таму яны – і па-польску гавораць, і тутэйшыя”.

Тое ж самае і Міцкевіч... “Будзе мазур з літвінам ваяваць”, ці не – усё роўна, найменне ў іх адно: “палякі”! Шляхта ВКЛ стварыла міф, які тлумачыць іх польскасць. Яны памяталі свае карані – што яны мясцовыя, што іх не на парашутах скінулі. Наша шляхта верыла ў тое, што некалі шмат каго з палякаў прывялі ў палон. Яны рассяліліся па ўсіх куточках ВКЛ. Тры крыві змяшалася, таму ў жылах шляхцюкоў цячэ і польская, і літоўская, і беларуская кроў. Таму яны – і па-польску гавораць, і тутэйшыя.

Ігнаці Дамейка, напрыклад, называў сябе і літвінам, і палякам, але ніколі беларусам. Вобраза самабытнай, самастойнай беларускай гісторыі ў яго няма. У “Маіх падарожжах” ён згадвае: “Шмат нас, літвінаў, сядзеля каля раскладзенага ў полі вогнішча… Мы не трацілі гумору, уласцівага нам, палякам. Дазвалялі сабе і жарты, і балбатню, часам падобную да сваркі”.

У Міцкевіча: “Я літвін”, але на высокім узроўні – “я паляк”!

У Міцкевіча тая ж самая парадыгма нацыянальнай самаідэнтыфікацыі: “я літвін”, але на высокім узроўні – “я паляк”. Сказаць, што Міцкевіч не ведаў беларускай мовы, я не магу. У адной са сваіх парыжскіх лекцый ён падае абрысы Беларусі, піша, што край гэты ніколі не быў вольным. Схілялі яго пад свой скіпетр то літоўскія князі, то рускія. Няма ў Міцкевчіа вобраза Беларусі, ёсць толькі зямелька, тэрыторыя, на якой – сяляне… Ёсць, канешне, вобраз Літвы, але ён насычаны балцкай традыцыяй. “Літоўскія спевы” – гэта спевы вайдэлотаў, апісанне пахавання ў “Гражыне” і “Конрадзе Валенродзе” выключна балцкія. Далей я мог бы разгорнута цытаваць Адама Ганоры Кіркора, які пісаў, што ўся польская літаратура створана менавіта літвінамі.

“Яны – палякі вышэйшага гатунку”.

Возьмем Аляксандра Ельскага... Кім ён сябе лічыць? Ельскі – літоўскі паляк. Ён – паляк па нацыянальнасці! Ён добра ведае Беларусь, лічыць, што беларуская мова самастойная і ў прадмове да перакладу “Пана Тадэвуша” піша наступнае: “Працу гэтую ахвяруе тлумач ад шчырага сэрца на пажытак братняму беларускаму народу”. Падкрэслю – “братняму”.

Завяршаючы бібліяграфічны нарыс, які датычыўся Белай Русі, Ельскі нагадвае, што, апроч пералічаных нашых землякоў, пішуць па-беларуску або перакладаюць наступныя палякі: “Ян Неслухоўскі і Францішак Багушэвіч”. Уяўляеце? Для Ельскага нават Багушэвіч – паляк (вельмі здольны беларускі вершатворац).

“Гэта быў іх выбар. Для нас вельмі балючы”.

У выніку ў беларусаў узніклі вялікія праблемы з будаўніцтвам нацыі... Есць меркаванне: усе няпольскія народы Рэчы Паспалітай у выніку зліцця з больш высокай польскай культурай запаволілі сваё нацыянальнае развіццё. У канцы 18 ст. мы былі зусім не тым, чым былі нават у 16 ст. Не было найперш сваёй высокай літаратуры. І гэта каласальная трагедыя! Вось адкуль пачатак усіх праблем. А 19 ст. – час барацьбы за нашы душы...

Віталь Еўмянькоў:

Дзякуем, Ігар Аляксандравіч! Зараз паслухаем пытанні прысутных.

Андрэй:

– Як вы ставіцеся да езуітаў, якія гвалтам распаўсюджвалі каталіцызм на тэрыторыі Беларусі?

Шаноўны Андрэй! Ваша інфармацыя адносна езуітаў не зусім дакладная. Спроба распаўсюджваць каталіцызм на землях ВКЛ пачалася задоўга да езуітаў. Прыгадаем чын бернардынаў... Акрамя таго, далёка не ўсе езуіты былі іншаземцамі. Айцы езуіты былі людзьмі адукаванымі. Яны хораша ведалі славянскія мовы. Сярод іх было дастаткова палякаў і русінаў. Згадаем таго ж Пятра Скаргу – “польскага залатавуста”. Ратацыя кадраў, канешне, адбывалася – не без таго, але на пачатку сваёй дзейнасці (другая палова 16 ст.) езуіты карысталіся мясцовымі мовамі, у тым ліку і русінскай.

Вядома таксама і тое, што езуіты ў 17 ст. былі своеасаблівымі ўніфікатарамі, яны марылі аб тым, каб “Пагоня” злілася з “Белым арлом”. Пашыралі польскасць рэальна, і адмаўляць гэтага нельга! Разам з тым, езуіты былі досыць памяркоўнымі і разумнымі людзьмі – праваслаўны мог вучыцца ў іх калегіумах, не баючыся страціць веру. Напрыклад браты Вашчанкі – былі праваслаўнымі і засталіся імі пасля навучання ў іх калегіуме.

Што датычыцца апалячвання, то яно пачало ісці поруч з акаталічваннем не раней 17 ст. – пасля “крывавага патопу”... У ВКЛ каталіцызм устойліва называўся “польскай” або “ляшскай” верай. Больш кваліфікавана Вам на гэта пытанне адкажа жыхарка Гародні, спадарыня Блінова, аўтарка кнігі “Езуіты на Беларусі”.

Георгій:

Ці магчыма лічыць Тадэвуша Касцюшку беларускім героем?

Паважаны Георгій! Адказваючы на ваша пытанне, згадаем тое, як Тадэвуш Касцюшка рэагаваў на беларускую мову. Ён быў засмучаны тым, што яго сяляне “па-літвінску гавораць”. “Прывучаць іх трэба, – казаў Касцюшка, – да польскай мовы, на якой павінны адбывацца іх набажэнствы. З часам дух польскі ў іх увойдзе і за чужынца будуць лічыць яны таго, хто па-польску не ўмее”. Прыкладна так лічыў і Гуга Калантай.

Літвінская шляхта не адмаўлялася ад сваёй літвінскасці, але ў тым якраз і справа, што быць палякам і быць лівінам – гэта для іх нармальна. Былі, праўда, караняжы палякі, а былі лівіны палякі, але і першыя, і другія – перадусім палякі, адзіны палітычны народ.