Старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека правёў творчую сустрэчу са студэнтамі і выкладчыкамі МДУ імя А. А. Куляшова. Госць пазнаёміў прысутных з уласнымі вершамі, а таксама раскрыў таямніцы пісьменніцкага рамяства. «Я ніколі не пішу вершы наўмысна… Ніколі спецыяльна не рыхтуюся. Вершы нараджаюцца ў маёй свядомасці неяк самі, быццам бы з ніадкуль», — зазначае ён. Разважаючы над тым, які ж літаратурны твор варта прачытаць у студэнцкай аўдыторыі, спадар Алесь спыніўся на паэме «Марыйка». «Гэты літаратурны твор заснаваны на рэальных падзеях Вялікай Айчыннай вайны, — распавядае ён. — Для мяне гэтыя падзеі асабліва балючыя, бо непасрэдна звязаныя з лёсам маёй сям’і. Галоўная ідэя, якую б я жадаў данесці да сённяшняга маладога пакалення, магчыма сфармуляваць наступным чынам: вайны ніколі не павінна паўтарыцца, бо нічога больш жахлівага, больш мярзотнага ў свеце не існуе». Паміж іншым Алесь Мікалаевіч заўважыў тое, што восень для яго з’яўляецца адной з улюбёных паэтычных тэм. «Восень настройвае на асаблівы лад, нараджае той настрой, які дапамагае засяродзіцца, прымушае адкінуць усе другасныя справы», — разважае паэт. Безумоўна, Алесь Мікалаевіч — адзін з найбольш цікавых сучасных беларускіх аўтараў. У яго творчасці прысутнічае бадай што самае галоўнае — шчырасць, уменне дакрануцца да самых запаветных струн чалавечай душы. «Лічу, што падобныя сустрэчы надзвычай карысныя як для самога пісьменніка, так і для нас, чытачоў, — дзеліцца ўражаннямі студэнтка гісторыка-філалагічнага факультэта Дзіяна Вопсева. — Адна справа, калі ты чытаеш вершы, надрукаваныя ў падручніку, і зусім іншая справа, калі ты непасрэдна судакранаешся з творцам, чуеш яго голас». Сустрэча з Алесем Мікалаевічам Казекам адбылася дзякуючы руплівай працы і намаганням старшага выкладчыка кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства Наталлі Аляксандраўны Міхальчук.