У гонар 100-гадовага юбілею вядомага беларускага географа, краязнаўца, педагога, заснавальніка беларускага пачатковага прыродазнаўства Пятра Аляксеевіча Лярскага Белпошта выпусціць мастацкую маркіраваную картку. Распрацаваная картка ў выдавецкім цэнтры «Марка» РУП «Белпошта». Наклад — 20 тысяч асобнікаў. Выпуск у абарачэнне запланаваны на 2 студзеня 2018 года. На картцы змешчаны партрэт Пятра Лярскага працы магілёўскага мастака Дзмітрыя Пухоўскага (партрэт 600х400, палатно, алей). Знайшлося месца і выявам асноўных падручнікаў Пятра Аляксеевіча: «Прыродазнаўства», «Дапаможнік па краязнаўстве», «Прырода Магілёўскай вобласці» і інш. Прэзентацыя карткі запланаваная на 19 студзеня 2018 года. Гэта дзень адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў гонар П. А. Лярскага (корпус № 3 МДУ). Таксама прэзентацыя адбудзецца ў будынку Магілёўскага паштамта. Пра пачатак мерапрыемства мы паведамім пазней.