Назва даследавання: «Асаблівасці ідыястылю Уладзіміра Караткевіча: лінгвакультуралагічны аспект». Аўтары — М. В. Абабурка, В. М. Шаршнёва, Я. В. Вялічка — вывучылі важныя напрамкі фарміравання індывідуальнага стылю знакамітага пісьменніка, прапанавалі арыгінальны падыход да асвятлення архітэктонікі і кампазіцыі яго твораў, ахарактарызавалі асаблівасці дыялагічнага маўлення герояў і персанажаў.
«Тэрмін „ідыястыль“ у нашым разуменні — гэта сукупнасць моўных і стылістычна-тэкставых асаблівасцей, уласцівых маўленню пісьменніка, публіцыста, вучонага, — адзначае прафесар М. В. Абабурка і дадае: — Праз усю творчасць Уладзіміра Караткевіча праходзіць ідэя нацыянальнага адраджэння і рамантычнае ўспрыняцце мінулага як беларускага народа, так і яго дзяржаўнасці. Таму найбольш значным творам пісьменніка ўласцівыя эпічная шматпланавасць і гістарычная дакладнасць, псіхалагізм і публіцыстычная завостранасць. Менавіта рамантычная манера пісьма запатрабавала ад У. Караткевіча раскаванасці думкі, пошуку нетрадыцыйных сродкаў, мастацкага ўзнаўлення аблічча канкрэтных гістарычных асоб». Манаграфія прызначаецца студэнтам, магістрантам, аспірантам, выкладчыкам філалагічных спецыяльнасцей.
Абабурка, М. В. Асаблівасці ідыястылю Уладзіміра Караткевіча : лінгвакультуралагічны аспект : манаграфія / М. В. Абабурка, В. М. Шаршнёва, Я. В. Вялічка. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2017. — 220 с.