Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Аляксандравіч Марзалюк сустрэўся з выкладчыкамі, студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі МДУ імя А. А. Куляшова. Нагода для сустрэчы была досыць значная — 16 лістапада Ігара Аляксандравіча абралі членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, аднак толькі напярэдадні Новага года вядомаму навукоўцу, палітычнаму дзеячу ўдалося наведаць родны ўніверсітэт.
Сустрэча адбывалася сапраўды ў цёплай, сяброўскай атмасферы. Спачатку Ігар Аляксандравіч выступіў з грунтоўным дакладам на тэму «Шлях у навуку: тэндэнцыі развіцця сучаснай гуманітарыстыкі». «Я звяртаюся перадусім да маладых даследчыкаў, — сказаў выступоўца. — Навука — годная, аднак і надзвычай складаная справа, якая патрабуе поўнай самааддачы. Нельга быць навукоўцам толькі на працы. Увесь мой асабісты досвед сведчыць пра тое, што выбар навуковай дзейнасці ў якасці прафесіі — гэта адначасова і выбар лёсу, ладу жыцця». Звяртаючыся да будучых прафесараў, акадэмікаў, Ігар Аляксандравіч папрасіў іх быць сумленнымі і прынцыповымі, заўжды з павагай ставіцца да папярэднікаў. «Гуманітарная навука заўсёды рухаецца наперад. Нейкія палажэнні ўдакладняюцца, іншыя наогул абвяргаюцца… І гэта нармальна! Аднак новыя высновы не ўзнікаюць на пустым месцы. Да нас былі тыя, хто старанна працаваў у бібліятэках, архівах, займаўся раскопкамі курганоў і замчышчаў. Менавіта ім — нашым паважаным настаўнікам — мы абавязаны сённяшнімі дасягненнямі». Падрабязна, з адчуваннем амаль бацькоўскай любові да справы ўсяго свайго жыцця Ігар Аляксандравіч Марзалюк распавёў пра археалогію. Расповед гэты гучаў, заўважым, як сапраўдная навэла — поўная адкрыццяў і здзяйсненняў, выдатная рэклама навуковай дзейнасці.
Даклад выклікаў апладысменты, аднак кропку ў сустрэчы не паставіў. Як і чакалася, аўдыторыя пажадала пачуць ад Ігара Аляксандравіча адказы на няпростыя пытанні, якія датычыліся і развіцця вышэйшай школы, і нашага ўдзелу ў Балонскім працэсе, і захавання лепшых традыцый гуманітарнай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў. Адказваючы на пытанне прафесара Міхаіла Іванавіча Вішнеўскага адносна перспектыў беларускай гуманітарыстыкі, прафесар Марзалюк падкрэсліў: «Без якаснага выкладання гуманітарных дысцыплін у вышэйшых навучальных установах і ў аспірантуры нельга выхаваць грамадзяніна, адказнага за лёс сваёй краіны». Ад імя калектыву МДУ імя А. А. Куляшова Ігара Аляксандравіча Марзалюка павіншаваў з прысваеннем высокага звання «член-карэспандэнт НАН Беларусі» рэктар універсітэта, прафесар Дзяніс Уладзіміравіч Дук. Ад студэнтаў універсітэта Ігар Марзалюк атрымаў кветкі і, канешне, цёплыя словы віншаванняў.