Удзельнікі вучэбна-трэніровачных збораў па падрыхтоўцы да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» 3 лютага наведалі МДУ імя А. А. Куляшова. Візіт вучняў 9–11-х класаў устаноў адукацыі Магілёва, Бабруйска і Бялынічаў быў арганізаваны старшым выкладчыкам кафедры беларускай і рускай моў Д. А. Доўгалем, трэнерам абласной каманды.
Кіраўнік музейнага комплексу ўніверсітэта Н. М. Крупенчанка пазнаёміла гасцей з гісторыяй нашай навучальнай установы, а старшы выкладчык кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый В. І. Караткевіч распавёў пра экспазіцыю музейнага пакоя «Літаратурная Магілёўшчына». Аглядная экскурсія па ўніверсітэце з наведваннем галерэі партрэтаў рэктараў, лекцыйных аўдыторый і лабараторый завяршылася на фотавыставе «Геаграфія душы», прысвечанай памяці П. А. Лярскага. «Падобны візіт удзельнікаў рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры ладзіцца ўпершыню. Спадзяёмся, ён пасадзейнічае павышэнню прывабнасці нашай навучальнай установы ў вачах таленавітых абітурыентаў», — адзначыў Д. А. Доўгаль.