24 лютага святкаваў дзень нараджэння адзін са знакамітых навукоўцаў і выкладчыкаў нашага ўніверсітэта доктар філалагічных навук, прафесар кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Алесь Мікалаевіч Макарэвіч. А некалькі дзён таму Міністэрствам адукацыі ён быў узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». З гэтай прыемнай нагоды мы звярнуліся да Алеся Мікалаевіча з віншаваннямі, і ён ласкава пагадзіўся адказаць на шэраг пытанняў.
— 21 лютага адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. А чаму Вы абралі менавіта беларускую мову і літаратуру ў якасці сферы сваёй прафесійнай і творчай рэалізацыі?
— У дзяцінстве маё пазнанне свету пачыналася з мастацкіх і фальклорных твораў на беларускай мове. Вучыўся ў беларускай школе, дзе ўсе прадметы выкладаліся на роднай мове. Яшчэ ў пачатковых класах узнікла мара стаць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Заўсёды падабалася быць у ролі таго, хто распавядае, тлумачыць, працуе з аўдыторыяй, дзеліцца сваімі ведамі, меркаваннямі. Час ад часу з’яўлялася думка пра паступленне ў Інстытут замежных моў, Тэатральна-мастацкі інстытут, на факультэт журналістыкі. Дарэчы, у дзясятым класе школы я ўжо працаваў пазаштатным карэспандэнтам газеты «Магілёўская праўда», меў нямала публікацый. Але філфак перамог. Пры тым, што і ў той час казалі, маўляў, спецыяльнасць настаўніка, а тым болей беларускай мовы, непрэстыжная. Тым не меней — паступіў на філалагічны факультэт тады яшчэ Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. А. Куляшова (1980 год). І так сталася, што сваё жыццё звязаў з вывучэннем, даследаваннем і выкладаннем беларускай літаратуры.
— Такім чынам, не атрымаўся Алесь Мікалаевіч-журналіст, перакладчык, акцёр?
— Нейкім чынам кожная мая мара, быццам бы адхіленая тады, пасля заканчэння школы, потым па-свойму здзейснілася! Замежную мову — польскую — я самастойна вывучыў ва ўжо сталым узросце, атрымаў дыплом выкладчыка, распрацаваў праграму факультатыўнага вывучэння польскай мовы, якую зараз выкладаю ва ўніверсітэце. Чытаю курс публіцыстычнага майстэрства журналіста — гэта таксама ў некаторай ступені выхад на здзяйсненне юнацкай мары. У студэнцкія гады займаўся ў тэатральнай студыі, атрымаў пасведчанне рэжысёра самадзейнай тэатральнай студыі. Каля дзесяці гадоў працаваў са студэнцкім тэатральным гуртком. Дарэчы, адна з нашых інсцэніровак адбылася на сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Засваенне прыёмаў акцёрскай і рэжысёрскай працы дазволіла ўпэўнена выходзіць да любой аўдыторыі і працаваць з ёю — гэта вельмі важна для педагога. А мастацкае чытанне і цяпер з’яўляецца адным з маіх хобі. Думаю, усе мары аднолькава поўна здзейсніць нікому не ўдаецца; мусім выбіраць штосьці галоўнае, свой шлях у жыцці, але потым можна далучыць да абранай справы і шмат чаго яшчэ са сваіх захапленняў, каб зрабіць жыццё больш разнастайным і поўным.
— З чаго пачалося Ваша станаўленне як выкладчыка?
— Мая настаўніцкая дзейнасць пачалася, калі яшчэ быў студэнтам чацвёртага курса (1983 год). Працуючы ў нашай установе, ніколі не губляў сувязі са школай. Тры гады выкладаў (па сумяшчальніцтве) беларускую мову і літаратуру ў гімназіі № 3 г. Магілёва і праводзіў там метадычны эксперымент «Арганізацыя працы настаўніка і вучняў па сістэме перспектыўных ліній». Вынікі гэтай працы і зараз выкарыстоўваюцца ў беларускіх школах, ВНУ пры выкладанні роднай літаратуры.
— Якім быў Ваш шлях у навуку?
— Навуковы інтарэс да беларускай літаратуры ўзнік у мяне на першым-другім курсах педагагічнага інстытута. Я падрыхтаваў рэферат па фальклорных матывах у творчасці Змітрака Бядулі, і тагачасны загадчык кафедры беларускай літаратуры Валерый Іосіфавіч Атрашкевіч прапанаваў мне займацца даследчыцкай дзейнасцю, абазначыў навуковыя перспектывы тых тэм, што мяне цікавілі. Ужо потым, калі вучыўся ў аспірантуры і дактарантуры, настойліва і паслядоўна працаваў над абранымі тэмамі, што мела свае пазітыўныя вынікі: кандыдацкую дысертацыю абараніў у выпускным аспіранцкім годзе, а доктарскую — адразу ж пасля заканчэння дактарантуры.
— Каго Вы лічыце сваім натхняльнікам, настаўнікам, а таксама прыкладам для сябе ў жыцці?
— Ужо ўзгаданы Валерый Іосіфавіч Атрашкевіч, а таксама дацэнт кафедры беларускай літаратуры Якуб Кірылавіч Усікаў — гэта мае першыя настаўнікі на шляху станаўлення як навукоўца, даследчыка. Яны раілі, на чым засяродзіцца, як арганізаваць працу, падказвалі мне, дапамагалі кожны раз, як я звяртаўся да іх. Гэтыя і іншыя выкладчыкі былі і застаюцца для мяне прыкладамі адданасці справе, якой натхнёна займаліся. Іх вера ў мяне заўсёды была велізарнай падтрымкай, давала ўпэўненасць рухацца далей. Потым, ужо па-за сценамі ўніверсітэта, падчас працы над кандыдацкай і доктарскай дысертацыямі, у мяне склаліся вельмі цёплыя, а затым і сяброўскія адносіны з членам-карэспандэнтам НАН Беларусі прафесарам Міхасём Іосіфавічам Мушынскім. Згаданыя мае настаўнікі сталі для мяне сапраўднымі жыццёвымі аўтарытэтамі. З імі я не толькі супрацоўнічаў як даследчык — з іх меркаваннямі суадносіў тое, што раблю, а іх чалавечыя якасці і да гэтага часу з’яўляюцца для мяне вялікім жыццёвым прыкладам.
— Вы вельмі хутка абаранілі спачатку кандыдацкую, а потым і доктарскую дысертацыі і сталі адным з самых маладых на той час дактароў навук у нашай краіне. У чым сакрэт такога акадэмічнага поспеху?
— Ніякага цуду ці нейкага сакрэту тут няма. Поспех — вынік сістэматычнай і руплівай працы, а інакш дасягнуць значных вынікаў у справе, якую робіш, проста немагчыма.
— Што параіце маладым даследчыкам, магістрантам, аспірантам — тым, хто толькі пачынае свой шлях у вялікую навуку?
— Адкажу так: не важна, над чым працуе аўтар, — над рэфератам, артыкулам ці над дысертацыяй — да тэмы павінна ляжаць душа. Па-другое, падчас працы над тэкстам трэба засяродзіцца толькі на гэтым, па магчымасці адпрэчваючы усё, што ёй замінае. Важна таксама прадбачыць высновы, да якіх прыйдзеш. Вядома ж, — метадалогія, сістэмнасць, трываласць доказаў. Даючы парады, можна дайсці да банальнага пераліку. Галоўнае ў працы, думаю, — любіць справу, якую ты робіш, быць адданым ёй.
— Выкладчыкі часта кажуць пра тое, што цяперашняе пакаленне зусім іншае, не падобнае да іх у маладосці, што «студэнт пайшоў не той, што раней». На Ваш погляд — якія яны, сучасныя студэнты? Як Вам працуецца з імі?
— Скажу так: у кожнага пакалення студэнтаў ёсць свае «плюсы» і «мінусы», свае станоўчыя і негатыўныя праявы. Чым мне прывабныя сучасныя студэнты? Яны больш рухомыя ў плане пошуку інфармацыі і даверу альбо недаверу аўтарытэтам. З імі можна гаварыць па самых розных, нават складаных жыццёвых пытаннях. Гэтыя рысы сучаснай моладзі на самай справе вельмі каштоўныя. Думаю, што да кожнай студэнцкай аўдыторыі можна — і патрэбна — знайсці свой падыход. І дапамагае тут пошук новых формаў працы. Сёння, напрыклад, інтэрпрэтаваць літаратурны твор без уліку яго гістарычнай рухомасці — справа няўдзячная. Тут важнай з’яўляецца актуалізацыя эстэтычнай ідэі літаратурнага твора — таго, што цікава сёння, што нагадвае сучаснаму чалавеку цяперашні дзень і яго ўласны жыццёвы вопыт. Думаю, што такі падыход спрыяе абуджэнню мыслення студэнтаў, садзейнічае нараджэнню ў іх свядомасці імкнення змяняць свет да лепшага.
— Вы цікавіцеся гісторыяй беларускай літаратуры. А хто Ваш любімы беларускі аўтар?
— На гэтае простае пытанне ў мяне няма адназначнага адказу. Справа ў тым, што ў розныя часы, у розных жыццёвых абставінах актуальнасць для мяне набываюць і розныя аўтары — ці нават проста героі літаратурных твораў. Зараз гэта, напрыклад, Віктар Марціновіч. Здараецца, што да некаторых пісьменнікаў звяртаюся зноў з пэўнай нагоды і «жыву» іх творамі. Сярод такіх аўтараў — Нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч. Але ж ёсць і тыя пісьменнікі, якія для мяне з’ўляюцца не проста любімымі, а, так бы мовіць, каштоўнасцю на ўсе часы. У беларускай літаратуры — Янка Купала, у рускай — Аляксандр Блок. Зараз цікавяць Віслава Шымборская, Мілан Кундэра, Мікалай Каляда.
— Што Вы лічыце галоўным прынцыпам, правілам Вашага жыцця?
— Усяму свой час — мабыць, так. І яшчэ: на ўсё свой час. Важна зразумець, для чаго табе нешта даецца, каб не згубіць магчымасці, што прыходзяць да цябе.
— Насычаная выкладчыцкая і навуковая дзейнасць не перашкаджаюць адпачынку? Як Вы бавіце свой вольны час?
— Ведаеце, вольны час — паняцце няпростае і адноснае. Нават калі няма заняткаў, выкладчык усё роўна працуе, як бы банальна гэта ні гучала. Адпачынак — гэта прырода, праца на лецішчы, якое ў лесе. Лічу, чалавек павінен упрыгожыць тую частку прасторы, зямлі, на якой жыве. Прырода надае неверагоднае супакаенне, гармонію і душэўную раўнавагу. Люблю вандраваць. Адна з апошніх краін, што наведаў, — Швецыя.
— Сёлета нашаму ўніверсітэту спаўняецца 105 гадоў. А што для Вас значыць універсітэт?
— У пэўным сэнсе ўніверсітэт — гэта тое, што мне блізкае і дарагое. Таму не заўсёды атрымліваецца быць індыферэнтным; тут рэагуеш на усё: радуешся прыгожаму, абураешся, калі сутыкаешся з нечым негатыўным. Наш універсітэт — гэта неад’емная частка майго жыцця, як і жыцця многіх маіх калег. Мы жывём, акрамя іншага, і яго праблемамі, яго поспехамі, дасягненнямі. Мне пашанцавала ў тым, што многае, з чым я працую ва ўніверсітэце, тут заўсёды знаходзіла падтрымку, зацікаўленасць, водгук з боку калег і студэнтаў. Абсалютна шчыра магу сказаць — гэта і мой універсітэт.
Яшчэ раз віншуем Алеся Мікалаевіча Макарэвіча з днём нараджэння і дзяржаўнай узнагародай, жадаем яму моцнага здароўя, бадзёрасці, творчай энергіі, плёну ў яго працы і новых здзяйсненняў!
Гутарыў Аляксей Бірукоў