Міжнародны круглы стол, прысвечаны 100-годдзю дзяржаўнага будаўніцтва ў краінах, якія некалі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, 18 мая адбудзецца на гісторыка-філалагічным факультэце МДУ імя А. А. Куляшова. Папярэдняя дамоўленасць адносна арганізацыі круглага стала была дасягнутая падчас наведвання нашага ўніверсітэта Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадаром Марціньшам Вірсісам. Замежны госць прэзентаваў грунтоўнае даследаванне пад назваю «Гісторыя Латвіі» (у перакладзе на беларускую мову). У гэтай кнізе прафесары Латвійскага ўніверсітэта Ілгварс Бутуліс і Антоній Зунда ў даступнай эсэістычнай форме зрабілі экскурс у гісторыю сваёй краіны ад старажытнасці да сённяшніх дзён. «Я лічу, што гэта кніга зробіць нашы народы яшчэ больш блізкімі, — кажа Марціньш Вірсіс. — У мінулым беларусы і латышы маюць шмат супольнага. Спадзяюся, што і ў будучыні нашы сувязі, у тым ліку навуковыя, будуць паспяхова развівацца». Спадар пасол выказаў зацікаўленасць у больш шчыльным супрацоўніцтве паміж гісторыкамі абедзвюх краін. У прыватнасці, ён выказаў надзею на магчымасць сустрэчы вучоных на адной пляцоўцы, якой можа стаць згаданы вышэй круглы стол. Дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Уладзімір Васільевіч Барысенка пацвердзіў магчымасць рэалізацыі такога сумеснага міжнароднага праекта і прапанаваў іншыя перспектыўныя шляхі супрацоўніцтва. У прыватнасці, гутарка вялася пра распрацоўку турыстычнага маршрута, які быў бы цікавы латвійскаму боку, а таксама аб узаемным акадэмічным абмене.