3 мая адбылася імпрэза з нагоды папаўнення партрэтнай галерэі навукоўцаў, выкладчыкаў-прыродазнаўцаў у будынку корпуса № 3 МДУ імя А. А. Куляшова. Партрэтная галерэя — гэта сумесны праект Магілёўскага аддзялення ГА «Беларускае геаграфічнае таварыства» і кафедры прыродазнаўства.
Імпрэзу арганізатары прысвяцілі 105-годдзю МДУ імя А. А. Куляшова. Сярод новых партрэтаў (мастак Дз. К. Пухоўскі) — партрэт ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, дацэнта М. У. Увядзенскага (1899–1960), выпускніка магілёўскага геафака і яго выкладчыка В. П. Канюхова (н. 1938), а таксама дацэнта Г. М. Ціханчук (3 мая — дзень яе народзінаў), якая прайшла шлях ад лабаранта кафедры біялогіі і хіміі (1990) да дэкана факультэта прыродазнаўства (2000–2012).
На мерапрыемстве выступілі дэкан факультэта Л. Я. Старавойтаў, старшыня Магілёўскага аддзялення ГА «Беларускае геаграфічнае таварыства», прафесар кафедры прыродазнаўства І. М. Шаруха; ветэран працы, дацэнт У. Г. Хамякоў; метадыст МДА ІРА, выпускніца факультэта 2002 г. А. У. Бугаёва і інш. Сёння галерэя налічвае каля 60 партрэтаў. Наступнае папаўненне партрэтнай галерэі плануецца на кастрычнік 2018 г. і будзе прымеркавана да жалобнай даты — 5-годдзя з дня смерці П. А. Лярскага.