Cтэнд «Гістарычная адукацыя ў МДУ імя А. А. Куляшова» быў урачыста адкрыты ў мінулую суботу на чацвёртым паверсе галоўнага корпуса нашага ВНУ. Падзею наведалі сапраўдныя карыфеі гістарычнай навукі, знакамітыя даследчыкі, вопытныя выкладчыкі, палітычныя і грамадскія дзеячы, студэнты. Па словах аднаго з аўтараў праекта, дацэнта Юліі Васільеўны Аляньковай, стэнд складаецца больш чым з 200 унікальных архіўных фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць усе этапы станаўлення, развіцця і сучаснага стану гістарычнай адукацыі ва ўніверсітэце.
Першым слова ўзяў рэктар МДУ імя А. А. Куляшова, доктар гістарычных навук Дзяніс Уладзіміравіч Дук. «Мяне заўжды ўражвала творчая атмасфера на факультэце. Сапраўды, магілёўскі гістфак багаты імёнамі, выпускнікамі, якіх ведаюць ва ўсім свеце. Многія з іх прысутнічаюць зараз на гэтым мерапрыемстве, гэта нашы ветэраны, наш гонар. Дадзены стэнд, я спадзяюся, будзе абнаўляцца. Хачу звярнуцца да студэнтаў, якія таксама маюць магчымасць пасля навучання ва ўніверсітэце зрабіцца навукоўцамі, а гэта значыць — папоўніць шэрагі гэтых выдатных людзей».
Звярнуўся з прамовай да прысутных таксама старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прафесар, доктар гістарычных навук Ігар Аляксандравіч Марзалюк. Ён падкрэсліў тое, што магілёўскі гістфак заўжды быў знакам якасці, бо рыхтаваў не проста спецыялістаў у галіне адукацыі, а тых, хто мог рэалізавацца амаль ва ўсіх сферах дзейнасці. Ігар Аляксандравіч згадаў добрым словам сваіх выкладчыкаў і калег, выказаў падзяку былому дэкану гістфака, прафесару Пятру Фролавічу Дзмітрачкову.
Апошні таксама звярнуўся да прысутных з надзвычай змястоўнай прамовай. «Гістфак не павінен губляць свае лепшыя традыцыі, — заўважыў ён. — Разам з тым, традыцыі — гэта тое, ад чаго варта адштурхоўвацца, каб рухацца далей, няспынна развівацца». Гучалі ў той суботні дзень добрыя словы ў адрас слынных магілёўскіх гісторыкаў, а таксама ўсіх тых, хто ахвяраваў вольным часам, падзяліўся ведамі дзеля таго, каб стэнд быў не проста абноўлены, а стаў своеасаблівым сімвалам факультэта. Гэта Ю. В. Алянькова, А. Р. Агееў, Вікторыя Драшакова (студэнтка спецыяльнасці «Журналістыка»), прадстаўнікі адміністрацыі ВНУ, выкладчыкі, студэнты, магістранты.