Лепшых студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў учора ўшанавалі ў МДУ імя А. А. Куляшова. У гонар тых, без чыёй энергіі, таленту і сумленнай працы, універсітэт не здолеў бы паспяхова крочыць наперад, усталяваныя дзве партрэтныя галерэі. Адна з іх — «Лепшыя навучэнцы» — змяшчае фотаздымкі 38 студэнтаў, а таксама навучэнцаў каледжаў. Аўтар фотаздымкаў — студэнтка спецыяльнасці «Журналістыка», лаўрэат некалькіх прэстыжных прэмій у галіне фотамастацтва Наталля Юранкова.
Усе тыя, чый партрэт прадстаўлены ў галерэі, праявілі сябе ў вучобе, навуцы, валанцёрскай і грамадскай дзейнасці. «Мы маем вялікую надзею на тое, што гэтае маральнае заахвочванне падштурхне ўсіх маладых людзей да стараннай вучобы, актыўнага ўдзелу ў навуковым жыцці ўніверсітэта», — падкрэсліў рэктар, прафесар Дзяніс Уладзіміравіч Дук. Па яго словах, штогод партрэтныя галерэі будуць абнаўляцца, таму ў кожнага стараннага студэнта, таленавітага выкладчыка, супрацоўніка існуе магчымасць апынуцца сярод лепшых з лепшых.
Галерэя выкладчыкаў і супрацоўнікаў мае назву «Імі ганарыцца ўніверсітэт». Складаецца яна з 32 партрэтных фотаздымкаў. Сярод тых, кім ва ўніверсітэце ганарацца, вядомыя ў Беларусі і за межамі нашай краіны навукоўцы, педагогі, спецыялісты ў розных галінах дзейнасці. «МДУ імя А. А. Куляшова мае багатыя традыцыі, — адзначыў на адкрыцці галерэі прарэктар па выхаваўчай рабоце Уладзімір Віктаравіч Ясеў. — Традыцыі гэтыя закладзеныя нашымі папярэднікамі. Важна не толькі пераняць іх вопыт, але і памножыць навуковыя і педагагічныя набыткі. Сёння мы адкрываем партрэтную галерэю тых нашых калег, якія пакінулі найбольш важкі след у сучасным жыцці ўніверсітэта». Ад імя тых, хто ў мінулым навучальным годзе працаваў асабліва плённа і прадуктыўна, выступіў загадчык кафедры музыкі і эстэтычнай адукацыі Пётр Пятровіч Забелаў. Ён падкрэсліў тое, што любы поспех, любы навуковы ці педагагічны прарыў — гэта заслуга аднадумцаў, заслуга ўсяго ўніверсітэцкага калектыву.