3 кастрычніка 2018 года ў дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі «Абласны цэнтр творчасці» прайшоў урачысты сход педагогаў Магілёўшчыны, прысвечаны прафесійнаму святу супрацоўнікаў сістэмы адукацыі — Дню настаўніка. Старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Д. І. Харытончык і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта У. У. Рыжкоў павіталі ўдзельнікаў сходу са святам і ўручылі заслужаныя ўзнагароды.
У ліку адзначаных педагогаў — дацэнт кафедры пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі Дзмітрый Аляксандравіч Доўгаль, які ўзнагароджаны Ганаровай граматай Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта за высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне маладога пакалення. Такім чынам кіраўніцтва рэгіёна ацаніла шматгадовую плённую працу выкладчыка з адоранай і высокаматываванай вучнёўскай моладдзю.
«Я вельмі цешуся з гэтай узнагароды, бо ўспрымаю яе як сведчанне важнасці той справы, якой мы з калегамі з нашага ўніверсітэта і абласнога інстытута развіцця адукацыі займаемся. На працягу дзесяці гадоў я з’яўляюся трэнерам абласной каманды па падрыхтоўцы да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах „Беларуская мова“ і „Беларуская літаратура“. Сотні гадзін вучэбных заняткаў са школьнікамі Магілёўшчыны, дзясяткі семінараў для педагогаў у Магілёве і Магілёўскім раёне, Бялынічах, Чавусах, Слаўгарадзе, Клічаве, Асіповічах, аўтарскія курсы і вучэбныя дапаможнікі па падрыхтоўцы да алімпіяды, выступленні на канферэнцыях і сходах — гэта мой унёсак у стварэнне эфектыўнай сістэмы працы з адоранымі навучэнцамі, якая дзейнічае ў вобласці», — адзначыў Дзмітрый Аляксандравіч.
Выкладчык мае намер працягваць працу па вучэбна-метадычным забеспячэнні падрыхтоўкі школьнікаў да алімпіяды: 17 кастрычніка на факультэце пачатковай і музычнай адукацыі для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры будуць арганізаваны курсы па тэме «Актуальныя пытанні падрыхтоўкі вучняў да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры».