Выпускніца гістарычнага факультэта 1955 года, Выдатнік асветы, настаўніца з шматгадовым стажам Антаніна Ягораўна Грэкава ўчора наведала сваю alma mater. «Я марыла вярнуцца сюды, марыла прайсціся па тым калідорам, па якім хадзіла некалі ў маладосці, — распавядае Антаніна Ягораўна. — Вельмі ўсцешана і ўдзячна адміністрацыі ВНУ за гэтакі цёплы прыём». Студэнтка Антаніна Грэкава вучылася яшчэ ў старым універсітэцкім корпусе на вуліцы Ленінскай. Аднак дух, непаўторную атмасферу студэнцтва, канешне, адчула і ў так званых «новых» для яе ўніверсітэцкіх мурах.
З вялікім задавальненнем яна знаёмілася з экспазіцыяй Музея Славы МДУ імя А. А. Куляшова, прыглядалася да кожнага фотаздымка, намагаючыся знайсці сваіх выкладчыкаў, аднакурснікаў. Антаніна Ягораўна валодае надзвычай добрай памяццю, багатым жыццёвым і прафесійным вопытам. Падтрымліваць добры стан здароўя ёй дапамагае фізкультура. Штораніцы яна робіць гімнастычныя практыкаванні. У студэнцкія ж гады Антаніна Ягораўна выступала за зборную тады яшчэ педінстытута па валейболе. «Аб’ездзіла з камандай увесь Саюз», — прызнаецца яна, дадаючы тое, што спорт дапамог ёй і ў педагагічнай дзейнасці. «Неяк падчас валейбольнага матчу паміж прадстаўнікамі розных устаноў адукацыі мне давялося выйсці на пляцоўку. Гуляла, як заўжды — самааддана. Праз 50 год мне той матч згадалі на сустрэчы выпускнікоў. Былыя мае вучні былі ў захапленні ад таго, што іх настаўніца гэтак добра валодае мячом», — тлумачыць Антаніна Ягораўна.
Павагу калег і вучняў да яе заўважылі на самым высокім узроўні, узнагародзіўшы настаўніцу Ганаровай граматай Вярхоўнага Савету БССР. Шмат згадак у выпускніцы гістарычнага факультэта звязана з вучобай. На сустрэчу са студэнтамі, цяперашнімі выкладчыкамі ўніверсітэта яна прынесла фотаздымак, на якім былі адлюстраваны яе аднакурснікі. Нягледзячы на паважаны ўзрост, сёння Антаніна Ягораўна займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, цікавіцца навінамі, рэгулярна чытае газеты «Рэспубліка» і «Магілёўскія ведамасці», клапоціцца пра сваю Камінтэрнаўскую сярэднюю школку, да гэтага часу падтрымлівае сяброўскія сувязі з былымі калегамі. У размове са студэнтамі яна назвала сваю галоўную якасць — вострае адчуванне справядлівасці. «Для мяне істотна тое, што кажуць і думаюць вакол мяне людзі. Важна, якой я застануся ў іх памяці», — падкрэсліла яна. Жадаем Антаніне Ягораўне Грэкавай моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця! І, канешне, чакаем у госці!