Фотавыстава “І зноў вясна мая прыйдзе…” ўчора адкрылася ў МДУ імя А. А. Куляшова. У экспазіцыі прадстаўлены 32 фотаздымкі аднаго аўтара — студэнткі спецыяльнасці “Журналістыка” (IV курс) Наталлі Юранковай. Маладая таленавітая фотамастачка прапанавала нязвыклы погляд на беларускую прыроду. Яна зафіксавала той момант, калі наваколле прачынаецца ад зімовага сну, скідае з сябе кайданы снегу. Яшчэ адчуваецца рэха маразоў і завірух, але ўжо ўсё рыхтуецца да надыходу сонечных пагодных дзён. Сімвалічна было тое, што менавіта ўчора — падчас адкрыцця выставы — выпаў першы снег: зіма і вясна нейкім містычным чынам сустрэліся ў экспазіцыйным пакоі ўніверсітэта.
Апроч прыгожых пейзажаў, Наталля прапанавала таксама зірнуць на старадаўні беларускі абрад гукання вясны. На фотаздымках — прыгожыя маладыя людзі ў нацыянальных строях. Яны танчаць карагоды, спяваюць “вяснянкі” і падкідаюць у паветра “журавоў”. Істотна таксама тое, што абрад гукання вясны, які зафіксавала Наталля Юранкова, адбываецца ў маляўнічых ваколіцах Вязынкі. Гэта вёска зрабілася паэтычнай калыскай для класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. На адкрыцці выставы ўсе жадаючыя маглі выканаць старадаўні беларускі танец “Ойра”, паспрабаваць тых самых, выпечаных з цеста, “журавоў”. Дапамагалі адкрыць выставу прарэктар Уладзімір Віктаравіч Ясеў і вядомы фотамастак, старшы выкладчык кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Васіль Цітоў.
Фотаздымкі: Сяргей Пеклін