Чарговае пасяджэнне літаратурнага салона адбылося ўчора ва ўніверсітэце. Гэтым разам у госці да студэнтаў прыйшлі вядомы магілёўскі паэт Сяргей Украінка, а таксама пісьменнік і літаратуразнаўца Яраслаў Клімуць. Тэма для абмеркавання — сучаснае прыгожае пісьменства, яго стан і праблемы. Па словах Яраслава Іванавіча, Беларусь заўсёды была багатая на таленты. Не выключэнне і нашы дні. «На адной толькі Магілёўшчыне паэтаў і празаікаў каля пяцідзесяці. Ёсць сярод іх сапраўды таленавітыя творцы, шмат перспектыўнай моладзі».
Аднак нягледзячы на сузор’е талентаў, сучасная літаратура, лічыць Сяргей Украінка, многім уяўляецца беднай. «Каго з сучасных аўтараў ведае шэраговы чытач? Іпатаву, Аляксеевіч, Арлова? Астатнія проста выпадаюць з далягляду. Адбываецца гэта з прычыны адсутнасці інфармацыі. Грамадства мала ведае пра надрукаваныя кнігі, пра творчыя вечарыны, прэзентацыі, літаратурныя конкурсы», — выказаў меркаванне госць салона. Мадэратар сустрэчы, дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Марына Чмарава акцэнтавала ўвагу прысутных на неабходнасці жывых дыялогаў паміж чытацкай аўдыторыяй і пісьменнікамі.
«Сённяшнюю моладзь прываблівае не так дасканаласць паэтычнага радка, як асоба яго стваральніка, — сказала яна. — Калі ў пісьменніка ёсць, што сказаць людзям, чаму ён павінен замыкацца ў вежы са слановай косткі і чакаць, што яго хтосьці адрэкламуе? Наадварот, пісьменнік мусіць ісці да свайго чытача, весці з ім дыялог, нават спрачацца, калі ёсць такая патрэба. Універсітэцкі салон для гэтага надзвычай прыдатная пляцоўка». Сяргей Украінка прачытаў вершы са сваёй кнігі «Дзевяць гранаў». Яраслаў Клімуць згадаў беларускіх пісьменнікаў, з якімі асабіста быў знаёмы. Па завядзёнцы, размова праходзіла за філіжанкай чаю.