Надзвычай каштоўны падарунак атрымала бібліятэка нашага ўніверсітэта — факсімільнае ўзнаўленне беларускага «Буквара», 400-годдзе якога сёлета адзначылі ў нашай краіне. «Буквар» быў прэзентаваны ў Мінску яшчэ ў канцы жніўня, у Магілёве ж яго ўпершыню ўбачылі толькі на мінулым тыдні. Дзякуючы руплівай працы аднаго з аўтараў ідэі перавыдання, намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, кандыдата культуралогіі Алеся Сушы, фаліянт патрапіў і ў наш горад. Прэзентацыя кнігі адбылася 12 снежня ў абласной бібліятэцы. Заўважым, што наклад «Буквара» складае ўсяго тысячу асобнікаў. Адзін з іх зараз знаходзіцца ў аддзеле рэдкай кнігі МДУ імя А. А. Куляшова.
Па словах Алеся Сушы, факсімільны «Буквар» — гэта другі буйны асветніцкі праект пасля факсімільнага выдання Бібліі Францыска Скарыны. «Мы завяршылі даследчы гуманітарны праект, які доўжыўся тры гады. Ён ажыццяўляўся сумесна з такімі партнёрамі, як Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, Белінвестбанк, а таксама пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі. Плённая і цесная праца ішла разам з брытанскімі спецыялістамі і з Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў», — адзначыў Алесь Суша ў інтэрв’ю беларускім СМІ.
Важна таксама падкрэсліць тое, што арыгіналы «Буквара» ў нашай краіне адсутнічаюць. Пагартаць кнігу 1618 года выдання магчыма толькі ў бібліятэках Лондана і Капенгагена. «Буквар — для кожнага кніга святая, бо з яе пачынаецца шлях у цудоўную краіну ведаў. Гэта кніга дайшла да нас з ХVII cтагоддзя, калі яе выдалі браты віленскага манастыра Святога Духа», — заўважае Алесь Суша.
Выданне ўключае вынікі гісторыка-культурнага даследавання, якое раскрывае значнасць першага ў свеце выдання пад назвай «Буквар».