У літаральным сэнсе дакрануцца да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, убачыць яе ўдзельнікаў, даведацца пра тое, як выглядалі сапраўдныя лісты з фронту, прадстаўленні на ўзнагароджванне медалямі і ордэнамі, справаздачы камандзіраў аб праведзеных вайсковых аперацыях магчыма на выставе, якая адкрылася толькі што ў чытальнай зале ўніверсітэту. Усе фотаздымкі і дакументы — з асабістых архіваў супрацоўнікаў бібліятэкі. Усяго ў экспазіцыі — 21 фотаздымак. На іх адлюстраваныя салдаты і афіцэры перыяду Другой сусветнай. Ёсць партрэтныя і калектыўныя фота. Асабліва кранаюць фотаздымкі тых маладых хлопцаў, якія не дачакаліся Перамогі. Дарэчы, у экспазіцыі прадстаўлены і сумнавядомыя “пахаронкі”, сціслыя паведамленні пра абставіны гібелі і месца пахавання салдата ці афіцэра.
Ёсць некалькі пасляваенных фотаздымкаў. На іх — франтавікі, якія сустракаюцца разам на месцы былых баёў. Па словах арганізатараў выставы, прысвечана яна 75-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. У планах пераўтварэнне выставы ў штогадовую акцыю. Задума простая: цягам года ўсе жадаючыя могуць накіроўваць фотаздымкі, дакументы з хатніх архіваў ва ўніверсітэцкую групу “ВК”. Напярэдадні наступнага свята Перамогі дасланыя здымкі і дакументы будуць прэзентаваныя на новай выставе.
Наведаць экспазіцыю магчыма па адрасе: г. Магілёў, вул. Касманаўтаў, 1.