Гэта два тамы збору твораў Народнага паэта Беларусі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова. Сапраўды ўнікальнай гэту кнігу 1957 года выдання робіць аўтограф песняра, зроблены на тытуле. Калі дакладна, то рукой Аркадзя Аляксандравіча напісана: «Карпіку Мікалаю Уладзіміравічу ад аўтара». Пазначана і дата — 26.05.1959 г. Прынесла кнігі ва ўніверсітэт дачка Мікалая Уладзіміравіча Ірына Мікалаеўна. Жанчына пажадала перадаць памяць аб сустрэчы з паэтам, якая доўгі час старанна захоўвалася яе роднымі.
Кнігі праз некаторы час будуць знаходзіцца ў літаратурным музеі ўніверсітэта, а таму пагартаць іх можа кожны жадаючы. На жаль, Ірына Мікалаеўна не паведаміла пра абставіны сустрэчы яе бацькі з паэтам. Нам вядома толькі пра тое, што ў 1959 годзе Мікалай Карпік вучыўся ў Глыбоцкім педагагічным тэхнікуме, які, магчыма, наведаў Аркадзь Аляксандравіч. Дададзім таксама тое, што Ірына Карпік вучылася ў нашым універсітэце на факультэце дашкольнага выхавання.