Рэдкія і нават унікальныя фотаздымкі класікаў беларускай і рускай савецкай літаратуры магчыма ўбачыць на выставе вядомага магілёўскага майстра Васіля Цітова. Назва выставы гаваркая — «Літаратурны альбом». Адкрываюць экспазіцыю партрэтныя і рэпартажныя здымкі Васіля Быкава. У ліпені 1988 года знакаміты пісьменнік удзельнічаў ва ўрачыстым адкрыцці Усесаюзных сіманаўскіх чытанняў. Наколькі можна меркаваць, аўтар «Трэцяй ракеты» і «Яго батальёну» выступаў перад аматарамі прыгожага слова ў магілёўскім палацы піянераў.
Таксама ў аб’ектыў Васіля Цітова патрапіў і перадапошні Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Ён, хутчэй за ўсё, чытае свае вершы на Буйніцкім полі. Таксама «Літаратурны альбом» прапануе здымкі Андрэя Вазнясенскага, Роберта Раждзественскага, Рымы Казаковай, Ігара Шклярэўскага, Аляксея Сіманава. Усе яны зробленыя, яшчэ раз гэта падкрэслім, менавіта ў Магілёве. Для заўзятых аматараў паэзіі 80-х гг. арганізатары выставы прапанавалі аўтографы Роберта Раждзественскага і Рымы Казаковай. Наогул, экспазіцыі спадарожнічае сардэчная і крыху настальгічная атмасфера. Паглядзець на яе магчыма ў галоўным корпусе ўніверсітэта (па адрасе — вул. Касманаўтаў, 1). Уваход вольны штодня, апроч суботы і нядзелі.