Творчая сустрэча з сябрам саюза пісьменнікаў Беларусі, прарэктарам Уладзімірам Ясевым адбылася ўчора ў чытальнай зале ўніверсітэта. На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты, выкладчыкі, аматары таленту паэта. Адзначым цёплую, нават камерную атмасферу сустрэчы. Уладзімір Ясеў прапанаваў да ўвагі як ужо вядомыя, так і новыя вершы, на рускай і беларускай мовах. Для паэзіі Уладзіміра Віктаравіча характэрны тонкі лірызм, музычнасць, прастата і зразумеласць думкі. І разам з тым, яго вершы глыбока філасафічныя, інтэлектуальныя, напоўненыя жывым сакавітым словам, народнай песеннай вобразнасцю.
Цікава тое, што паэтычнае слова падчас сустрэчы лунала поруч з рэальным жыццём. Аўтар згадваў старонкі сваёй біяграфіі, тлумачыў тое, як і чаму паўстаў будзь які верш. Аказваецца, што вершы нараджаюцца не толькі, як выказалася Ганна Ахматава, з душэўнага «смецця», але і з шчаслівых хвілін быцця побач з каханай, з перажыванняў і хваляванняў, з чаканняў і надзей. Крытыкі, звычайна, адносяць вершы, прысвечаныя асабістаму ў жыцці паэта, да інтымнай лірыкі. Аднак у творчасці Уладзіміра Ясева асабістае вельмі набліжанае да грамадскага, агульначалавечага. Моцна гучыць у яго паэзіі матыў любасці да Бацькаўшчыны, замілаванне хараством роднай прыроды. Паэзія Ясева — універсальная, яна не разлічаная на пэўную аўдыторыя, а таму цікавая як моладзі, так і людзям ужо вопытным, сталым.
Развагі паэта аб жыцці, яго светабачанне набліжаюць Уладзіміра Ясева да так званага «філалагічнага пакалення» ў беларускай літаратуры. Гэта 60–70-дзясятнікі, хлопцы і дзяўчаты, якія набылі бліскучую адукацыю, але паводле сваёй ментальнасці, культурнага паклікання, знаходзіліся ў прасторы роднага загона, роднай вёскі. Філасафічнасць у паэзіі таго пакалення — зрэшты як і ў паэзіі Уладзіміра Ясева — знітаваная з мілатой успамінаў пра дзяцінства, юнацтва, праведзеныя на ўлонні беларускай прыроды.
Сустрэча арганізаваная літаратурным аб’яднаннем «Натхненне» (кіраўнік — к.ф.н. Наталля Аляксандраўна Міхальчук).
Фотаздымкі: Аляксандр Анціпенка