Прарэктар па вучэбнай рабоце, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Алег Дзячэнка прыняў удзел у нарадзе дырэктараў школ і кіраўнікоў структурных падраздзяленняў райвыканкамаў. Адбылася нарада ў Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі. У парадак дня былі ўключаныя пытанні развіцця аграрнай адукацыі, а таксама працы 87 профільных класаў аграрнай накіраванасці, створаных у 63 школах Магілёўскай вобласці.
У сваім выступленні Алег Дзячэнка адзначыў тое, што пытанне аб комплекснай падтрымцы развіцця аграпрамысловага комплексу ўвесь час знаходзіцца ў сферы ўвагі кіраўніцтва беларускай дзяржавы. На яго думку, інвестыцыі ў галіну, набыццё тэхнікі і ўкараненне новых сельскагаспадарчых тэхналогій, вытворчасць высакаякаснай і экалагічнай сельскагаспадарчай прадукцыі, яе экспарт – толькі адзін з неабходных крокаў. «Ва ўмовах дынамічнага развіцця сучаснай сельскай гаспадаркі, — адзначыў парламентарый, — не менш важным з’яўляецца павышэнне прэстыжнасці аграрных прафесій сярод вучняў агульнаадукацыйных школ, прыцягненне ў галіну прафесійных маладых кадраў, а таксама іх замацаванне ў сельскай мясцовасці».
Вырашэнню гэтай задачы спрыяюць створаныя дзяржавай ўмовы для забеспячэння занятасці і адпачынку маладых спецыялістаў, удасканалення сацыяльна-эканамічнай і транспартнай інфраструктуры.
У нарадзе таксама прынялі ўдзел начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Уладзімір Самсановіч, рэктар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Віталь Веліканаў, начальнік аддзела па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама Алена Паштовая. У працэсе абмеркавання праблем развіцця аграрнай адукацыі ад удзельнікаў семінара-нарады паступілі канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства ў гэтай сферы, якія пасля абагульнення будуць разгледжаны ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.