Алена Іванаўна нарадзілася 28 мая 1955 года ў гарадку Савецк Калінінградскай вобласці. Амаль усё яе жыццё было непарыўна звязана з філфакам спачатку Магілёўскага педінстытута, а потым і ўніверсітэта. У 1976 годзе яна атрымала дыплом з «адзнакай» настаўніка рускай мовы і літаратуры. У 1979 годзе пачала працаваць на кафедры рускай і замежнай літаратуры на пасадзе выкладчыка, а потым (з 1999 года) і на пасадзе дацэнта. У 1988 годзе Алена Бубянцова скончыла аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава па спецыяльнасці «Заходнееўрапейская літаратура, літаратура ЗША і Аўстраліі». Паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю.
Гэтыя скупыя факты з біяграфіі не перадаюць галоўнага — багацце асобы Алены Іванаўны, яе харызму, талент лектара, павагу да яе з боку студэнтаў і калег. З 1999 года яна кіравала літаратурна-мастацкім салонам, які, мы перакананыя, застаецца ў памяці ўсіх выпускнікоў філфака. Там была створана непаўторная атмасфера далікатнасці, добразычлівасці і гасціннасці, а яшчэ, мы б дадалі, — інтэлігентнасці. Такая рэдкая па нашых часах якасць! За кубачкам кавы ці гарбаты абмяркоўваліся самыя розныя пытанні — ад тэмы кахання ў творчасці Пушкіна да асаблівасцей раманаў Эдуарда Лімонава. Алена Іванаўна была адкрытая для дыскусіі, давала магчымасць выказацца ўсім — і навукоўцам са стажам і яшчэ зусім зялёным студыёзусам. У дэмакратызме і свабодамоўі, напэўна, і была заключана тая самая запамінальная рыса салона.
Алена Іванаўна высока ўзняла планку выкладання замежнай літаратуры. Яна як бы давала прыклад сваім маладым калегам, казала ім: «Рабіце або так, як раблю я, або лепш! Горай рабіць не дазволю!». Аўтарытэт Алены Бубянцовай сярод філфакаўскай моладзі быў сталёвы. Яшчэ цікава было слухаць яе лекцыі. Літаратуру яна выкладала ў кантэксце жыцця — свайго, краіны, чалавецтва. Мастацкі твор для яе быў не проста схемай, не проста наборам стылёвых і кампазіцыйных прыёмаў… Твор яна ўспрымала як скарбонку парад, назіранняў, як прадмет для абмеркавання, нават — спрэчкі.
Тут, у гэтым віншавальным тэксце, мы намалявалі занадта ідэальны вобраз Алены Іванаўны. Насамрэч, яна куды больш складаны і па гэтай прычыне цікавы чалавек. Заўжды са сваёй пазіцыяй, са сваім стаўленнем да людзей і падзей. Напэўна, гэта яе самастойнасць, уменне думаць, дзейнічаць, не аглядаючыся на аўтарытэты, пасады, і прываблівала да яе моладзь!
З Днём нараджэння, Алена Іванаўна! Дыхайце напоўніцу! Жывіце на радасць блізкім і нам! Будзьце здаровыя! Заходзьце ў госці!
Калегі, былыя і цяперашнія студэнты