На факультэце педагогікі і псіхалогіі дзяцінства сёння іспыты здаюць студэнты і магістранты — усяго каля 100 чалавек. Сацыяльная дыстанцыя абавязковая для ўсіх, у тым ліку і для выкладчыкаў. Для «дэкаў» адмыслова адведзеная вялікая аўдыторыя. «Мы імкнёмся да таго, каб здароўе і нашых калег, і нашых студэнтаў было абароненае, — тлумачыць дэкан факультэта Ірына Камарова. — З другога боку, для нас важна таксама і тое, каб агульная атмасфера на экзамене была камфортная, прадуктыўная». «Нейкіх асаблівых адрозненняў ад звычайных сесійных іспытаў мы не заўважылі, — распавядаюць магістранты. — Усё як заўжды: цягнеш білет, рыхтуешся — адказваеш. Магчыма, крыху больш адчуваецца хваляванне. Усё ж наперадзе чакае сапраўднае прафесійнае жыццё. Гэты экзамен — паказчык і нашай падрыхтаванасці, і нашай здольнасці паспяхова праявіць сябе ў будучым працоўным калектыве».