ІВАНОЎ ЯЎГЕН ЯЎГЕНАВІЧ
Дысертацыя на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук
«Дыферэнцыяльныя прыметы афарызма»
10.02.19 – тэорыя мовы абаронена 17 чэрвеня 2004 г. на пасяджэнні Савета па абароне дысертацый Д. 02.01.24 у Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Работа выканана у Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Навуковы кіраўнік – доктар філалагічных навук прафесар Плотнікаў Б.А., Акадэмія кіравання пры Прэзідзенце Рэспублікі Беларусь, кафедра беларусазнаўства.
Афіцыйныя апаненты –доктар філалагічных навук прафесар Міхневіч А.Я, Прыватны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва, навукова-даследчы аддзел, кандыдат філалагічных навук прафесар Красней В.П., Беларускі дзяржаўны універсітэт, кафедра гісторыі беларускай мовы.
Апаніруючая арганизацыя – УА «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф.Скарыны».
Аб’ект і прадмет даследавання: афарызмы як моўныя адзінкі і як маўленчыя творы; іх лінгвістычныя параметры і дыферэнцыяльныя прыметы, агульнакатэгарыяльныя і семантычныя разнавіднасці.
Мэта даследавання: апісанне дыферэнцыяльных прымет афарызма, яго агульнакатэгарыяльных разнавіднасцей (класаў) і семантычных тыпаў (паводле адносінаў да рэчаіснасці).
Асноўныя палажэнні дысертацыі, якія выносяцца на абарону:
- Афарызм з’яўляецца спецыфічнай з’явай мовы і маўлення – устойлівым ці свабодным выказваннем, якое мае сінтаксічную структуру сказа з прамым ці пераносным агульным значэннем, выражае пазачасавую і нелакалізаваную сувязь паміж неадзінкавымі аб’ектамі рэчаіснасці і з’яўляецца зместава самадастаковым. Афарызм паводле сваіх інтэгральных прымет суадносіцца з сумежнымі з’явамі мовы і маўлення (парэміямі і літаратурнымі выслоўямі) толькі часткова, г. зн., што афарызм можа быць і прыказкай, і прымаўкай, і літаратурным выслоўем (у сладзе нейкага тэксту або асобным творам), і крылатым выразам, але не ўсе яны з’яўляюцца афарыстычнымі па сваіх структурных і семантычных уласцівасцях.
- Афарызм паводле структуры і спосабаў функцыянавання з’яўляецца гетэрагенным лінгвістычным аб’ектам. Афарыстычныя адзінкі на падставе сваіх агульнакатэгарыяльных прымет дыферэнцыруюцца на непрэцэдэнтныя (“рэплікі” і “тэксты”, “літаратурныя творы” і “тэксты масавай камунікацыі”) і прэцэдэнтныя (“крылатыя выразы” і “парэміі”, “прымаўкі” і “прыказкі”, “не ідыёмы” і “ідыёмы”). Агульнакатэгарыяльныя разнавіднасці афарызма складаюць асноўныя класы афарыстычных адзінак і маюць тыпалагічны характар.
- Афарызм выкарыстоўваецца ў маўленні для азначэння (намінацыі) такіх рэалій, як заканамернасці рэчаіснасці (неабходныя і рэгулярныя ўласцівасці і/або сувязі цэлых класаў аднародных аб’ектаў сапраўднага ці выдуманага свету), і таму з’яўляецца намінацыйнай адзінкай, чым істотна адрозніваецца ад усіх іншых устойлівых і свабодных выказванняў, утвараючы асобны тып выказвання.
- Афарызм паводле адносінаў да рэчаіснасці належыць да пэўнага семантычнага тыпу, кожны з якіх складае мноства афарыстычных адзінак, што азначаюць пэўную разнавіднасць заканамернасцей быцця. Афарызмы дыферэнцыруюцца на падставе ўласна семантычных і фармальных прымет на несупярэчныя рэчаіснасці (“законы” і “грыгерыі”, “сентэнцыі” і “максімы”) і супярэчныя (“парадоксы” і “кааны”). Семантычныя тыпы афарызмаў утвараюць асобную сістэму парадыгматычных адносін паміж афарыстычнымі адзінкамі.
- Афарызм з’яўляецца асобным моўным феноменам паводле наяўнасці спецыфічнага комплексу прымет, з якіх складаецца якасць афарыстычнасці выказвання (мае сінтаксічную структуру сказа, абагульнена-універсальнае значэнне і зместавую самадастатковасць). Лінгвістычнае паняцце афарызма з’яўляецца не родавым, а катэгарыяльным (рэпрэзентуе не толькі пэўны клас выказванняў на падставе вызначаных інтэгральных прымет, але і супрацьпастаўляе яго усім астатнім выказванням – не афарызмам). Афарызмы павінны вывучацца ў межах спецыяльнай галіны мовазнаўства (лінгвістычнай афарыстыкі, або лінгваафарыстыкі) з дапамогай уласнай метадалогіі і спецыяльнай метамовы.
Вынікі даследавання могуць быць карыснымі пры выкладанні ў ВНУ вучэбных дысцыплін “Уводзіны ў мовазнаўства” і “Агульнае мовазнаўства”, а таксама “Сучасная беларуская мова”, “Сучасная руская мова” і “Сучасная польская мова” (пры вывучэнні фразеалогіі і сінтаксісу), “Лінгвістычны аналіз мастацкага тэксту” і інш.