ПЕТРУШЭЎСКАЯ ЮЛІЯ АНАТОЛЬЕЎНА
Дысертацыя на суісканне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук «Прыказкавы фонд беларускай мовы: спецыфіка і нацыянальная адметнасць» абаронена па спецыяльнасці 10.02.01 — Беларуская мова 10 лютага 2021 г. у Савеце па абароне дысертацый К 02.21.01 пры ўстанове адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка»
Работа выканана ў установе адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова».
Навуковы кіраўнік — Іваноў Яўген Яўгенавіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова».
Афіцыйныя апаненты — Ляшчынская Вольга Аляксееўна, доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры беларускай мовы УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны»; Арцёмава Вольга Аляксандраўна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры тэорыі і практыкі англійскага маўлення УА «Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт».
Апаніруючая арганізацыя — УА «Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна».
Палажэнні, якія выносяцца на абарону:
- Нацыянальная адметнасць прыказкавага фонду беларускай мовы абумоўлена яго спецыфічнымі (унікальнымі на фоне іншых моў) адзінкамі, у якіх прама і непасрэдна адлюстроўваюцца гісторыя, культура і светапогляд беларускага народа, але колькасна і якасна абмежавана агульнымі з іншымі мовамі прыказкамі. Ступень нацыянальнай адметнасці прыказкавага фонду залежыць як ад аб’ёму спецыфічна беларускіх і агульных з іншымі мовамі адзінак, так і ад нацыянальнай адметнасці vs. нейтральнасці асобных элементаў іх структуры ці зместу. Аб’ём і характар нацыянальнай адметнасці адзінак прыказкавага фонду аб’ектыўна выяўляюцца толькі ў сінхранічным плане і найбольш рэпрэзентатыўна адлюстроўваюцца толькі ў найбольш актыўных у вусным і пісьмовым маўленні адзінак (прыказкавым складзе літаратурнай мовы, прыказкавым мінімуме, асноўным прыказкавым фондзе).
Упершыню распрацавана методыка вызначэння аб’ёму і характару спецыфічнасці і нацыянальнай адметнасці прыказкавага фонду мовы шляхам фіксацыі, сістэматызацыі і лінгвакультурнай дыферэнцыяцыі ў сінхранічным плане як спецыфічных (на фоне іншых моў) vs. агульных з іншымі мовамі адзінак, так і нацыянальна адметных vs. нейтральных элементаў іх структуры і зместу на матэрыяле найбольш функцыянальна актыўных прыказак.
- Адзінкі прыказкавага фонду беларускай мовы дыферэнцуюцца ў сінхранічным плане паводле крытэрыю моўнай спецыфічнасці на дзве групы — унікальныя на фоне іншых моў (спецыфічна беларускія) і агульныя з іншымі мовамі. Агульныя з іншымі мовамі адзінкі размяжоўваюцца паводле крытэрыю наяўнасці vs. адсутнасці міжмоўных сувязей на два класы прыказак — інтэрнацыянальныя (дэтэрмінаваныя роднасцю моў ці моўнымі кантактамі) і ўніверсальныя (не абумоўленыя ні роднасцю моў, ні моўнымі кантактамі). Агульная колькасць універсальных і інтэрнацыянальных адзінак у некалькі разоў перавышае колькасць спецыфічна беларускіх прыказак у складзе функцыянальна актыўных адзінак прыказкавага фонду беларускай мовы, што паказвае на яго інтэграванасць у славянскі і агульнаеўрапейскі парэміялагічны кантынуум. Спецыфічна беларускія адзінкі пераважаюць у прыказкавым складзе літаратурнай мовы (больш за 19%), удвая менш прадстаўлены ў асноўным прыказкавым фондзе (6,6%) і ў чатыры разы менш — у прыказкавым мінімуме (5,5%), што паказвае на большую ступень нацыянальнай адметнасці прыказак як моўных знакаў у пісьмовым маўленні, чым у вусным маўленні.
Упершыню вызначаны аб’ём спецыфічна беларускіх прыказак (289 унікальных на фоне іншых моў адзінак), акрэслены характар агульных з іншымі мовамі прыказак, якія дыферэнцаваны на інтэрнацыянальныя (1164 адзінак) і ўніверсальныя (76 адзінак) у складзе 1529 найбольш актыўных у вусным і пісьмовым маўленні адзінак прыказкавага фонду беларускай мовы.
- Беларуская нацыянальная культура і мова праяўляюцца ў спецыфічна беларускіх прыказках цэласна (як у моўных знаках) і дыферэнцавана — у нацыянальна-моўна своеасаблівых і нацыянальна-культурна маркіраваных асобных элементах структуры і зместу прыказак (у лексічных і фразеалагічных адзінках уласна беларускага паходжання, у словах-рэаліях і безэквівалентных словах, у адлюстраваных у прыказках уяўленнях і вобразах як фрагментах нацыянальнай карціны свету). Сярод нацыянальна-культурна маркіраваных элементаў (79,32%) у спецыфічна беларускіх прыказках пераважаюць вобразныя ўяўленні як частка нацыянальнай карціны свету (39,85%), што вызначае характар прыказкавага фону ў беларускай мове. Сярод нацыянальна-моўна своеасаблівых элементаў (20,68%) у спецыфічна беларускіх прыказках пераважае лексіка ўласна беларускага паходжання (14,94%). Дыферэнцаваны характар нацыянальнай адметнасці ўласцівы большасці спецыфічна беларускіх прыказак (64,48%), што сведчыць аб высокай ступені іх арыентаванасці на адлюстраванне фактаў нацыянальнай культуры і асабівасцей нацыянальнай мовы.
Упершыню ўстаноўлены дыферэнцаваны характар і вызначана ступень нацыянальнай адметнасці спецыфічна беларускіх (на фоне іншых моў) адзінак прыказкавага фонду беларускай мовы.
- Агульныя з іншымі мовамі прыказкі размяжоўваюцца паводле адлюстравання элементамі структуры і зместу асаблівасцей беларускай мовы і культуры на нацыянальна адметныя і нейтральныя. Нацыянальная адметнасць універсальных прыказак праяўляецца ў іх лінгвакультурнай маркіраванасці ў беларускай мове (на фоне аналагаў у іншых мовах). Нацыянальная адметнасць інтэрнацыянальных прыказак — гэта вынік іх лінгвакультурнай асіміляцыі ў беларускай мове. Нацыянальна адметныя адзінкі ў складзе агульных з іншымі мовамі прыказак колькасна перавышаюць нейтральныя. Агульная колькасць нацыянальна адметных універсальных і інтэрнацыянальных адзінак перавышае колькасць спецыфічна беларускіх прыказак у складзе функцыянальна актыўных адзінак прыказкавага фонду беларускай мовы. Гэта сведчыць аб тым, што нацыянальная адметнасць прыказкавага фонду беларускай мовы абумоўлена не аб’ёмам спецыфічна беларускіх прыказак, а высокай ступенню, з аднаго боку, лінгвакультурнай асіміляцыі ў ёй інтэрнацыянальных прыказак, а з другога, лінгвакультурнай маркіраванасці ў беларускай мове ўніверсальных прыказак.
Упершыню ўстаноўлены аб’ём і характар нацыянальна-культурнай і нацыянальна-моўнай адметнасці ў беларускай мове інтэрнацыянальных і ўніверсальных прыказак, іх вызначальная роля ў стварэнні нацыянальнай адметнасці ўсяго прыказкавага фонду беларускай мовы.